Кошт нафты маркі Brent знізіўся да $67,68
- 5.02.2018, 18:36
«Чорнае золата» таннее на фоне навін з ЗША, дзе расце нафтаздабыча.
Сусветныя кошты нафты працягваюць зніжацца пасля рэкорднага за тры гады росту.
Падзенне адбываецца на фоне тыднёвых звестак пра рост нафтавых буравых установак у ЗША.
На 18:17 паводле менскага часу кошт красавіцкіх ф'ючэрсаў на паўночнаморскую нафтавую сумесь маркі Brent паменшыўся да 67,68 даляра за барэль.
За мінулы тыдзень Brent страціў 2,2%, WTI - прыкладна 1%.
На настроі інвестараў працягваюць аказваць ціск пятніцкія звесткі ад амерыканскай нафтагазавай сэрвіснай кампаніі Baker Hughes, згодна з якімі паводле вынікаў працоўнага тыдня, які завяршыўся 2 лютага, колькасць нафтавых буравых установак у ЗША павялічылася на шэсць штук, або на 0,8%, да 765 адзінак. Пры гэтым колькасць газаздабыўных установак скарацілася за той жа тыдзень на сем, або на 3,7%, да 181 адзінкі.
Акрамя таго, інвестары працягваюць адыгрываць звесткі папярэдняга тыдня Мінэнерга ЗША, згодна з якімі сярэднядзённая здабыча нафты ў краіне вырасла на 13,1% у гадавым выражэнні і дасягнула 10,038 мільёна барэляў у дзень. Паказчык упершыню перавысіў адзнаку 10 мільёнаў барэляў з 1970 года. Такі рост узмацняе асцярогі інвестараў што да павелічэння прапановы «чорнага золата» на сусветным рынку.