Домрачава намінаваная на прыз World Fair Play за свой высакародны ўчынак
- 5.02.2018, 18:13
Заяўка адпраўленая ў міжнародны камітэт Fair Play.
Беларуская асацыяцыя спартыўнай прэсы (БАСП) намінавала Дар'ю Домрачаву на прыз World Fair Play Awards імя П'ера дэ Кубертэна, піша «Прессбол».
«Заяўка адпраўленая ў міжнародны камітэт Fair Play (CIFP) у Будапешт. Ініцыятыву падтрымалі ўсе сябры БАСП», - адзначыла старшыня асацыяцыі Анастасія Марыніна.
Канчатковая пастанова аб прысуджэнні прыза World Fair Play стане вядомая ў канцы года.
Падчас гонкі пераследу на этапе Кубка свету ў Антхольцы Дар'я Домрачава не стала перад фінішам апярэджваць італьянку Даратэю Вірэр, з рукі якой выпала лыжная палка. Беларуска фінішавала трэцяй, услед за Вірэр.
Учынак трохразовай алімпійскай чэмпіёнкі ацанілі беларускія спартыўныя журналісты, адправіўшы дакументы ў міжнародны камітэт СIFP для прысуджэння прыза Fair Play спартоўцы, адзначае БЕЛТА. Раней з беларускіх атлетаў World Fair Play Awards атрымаў у 1983 годзе барэц вольнага стылю Аляксандр Мядзведзь.