BE RU EN

У Бабруйску абмежавалі праезд па мосце праз Бярэзіну

У Беларусі знайшлі яшчэ адзін патэнцыйна небяспечны мост.

У Бабруйску на патэнцыйна аварыйным мосце праз раку Бярэзіна ў раёне ААТ «ФанДАК» абмежавалі рух велікагрузаў. У сакавіку мост дэталёва абследуюць, каб пачаць рамонт, піша tut.by.

«Фандакаўскі» мост у Бабруйску - каробчата-тунэльны. Гэта значыць такі ж, як аўтамабільны мост праз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне, які злучае раённы цэнтр з Туравам. У пачатку снежня Жыткавіцкі мост зачынілі для руху - трэснула пліта перакрыцця, і дарожнае палатно па ўсёй шырыні прасела амаль на паўметра. На рацэ ўсталявалі наплаўны пантонны мост.

Пасля гэтага праверылі яшчэ 4 падобныя масты. Іх канструкцыю прызналі вельмі няўдалай і наважылі абмежаваць нагрузку.

Са слоў дырэктара Бабруйскага дарожна-эксплуатацыйнага прадпрыемства Юрыя Гарбакова, «фандакаўскі» мост, працягласць якога складае 433 метры, дэталёва абследуюць у сакавіку. Плануецца, што ўсе выдаткі - а блізу 47 тысячаў рублёў - лягуць на гарадскі бюджэт. Пасля чаго, у залежнасці ад выніку маніторынгу, будзе вызначана стратэгія і тактыка рамонту аб'екта.

2 лютага на мосце ўсталявалі знакі «Абмежаванне максімальнай масы». Верхняя вагавая мяжа з боку горада - 25 тон, з боку Магілёва - 15. Розніца тлумачыцца тым, што мост падзелены на два складнікі, якія ідуць паралельна адзін аднаму. Кожная з палоў пашкоджаная ўнутранай карозіяй.

Мост у раёне «ФанДАКа» пачалі будаваць у канцы 1980-х гадоў як працяг Георгіеўскага праспекту. Будавалі яго з перапынкамі і адкрылі 3 верасня 2001 года.

Апошнія навіны