BE RU EN

Юрый Альберс: Да старту мы падыдзем у поўным узбраенні

Трэнер беларускіх біятланістаў распавёў аб адаптацыі ў Пхенчхане.

Менш за тыдзень застаецца да адкрыцця XXIII зімовых Алімпійскіх гульняў у Пхенчхане. Старшы трэнер нацыянальнай каманды ў біятлоне Юрый Альберс у інтэрв'ю прэс-аташэ НАК распавёў аб варунках надвор'я і часовай акліматызацыі ў Паўднёвай Карэі.

- Юрый Юр'евіч, наша нацыянальная каманда ў біятлоне правяла першыя трэніроўкі на трасе ў Пхенчхане. Якія ў вас уражанні, як у старэйшага трэнера нацыянальнай каманды?

- У Пхенчхане вельмі холадна. Пранізлівы вецер ўплывае на якасць стральбы: ён дзьме ўвесь час, таму момантамі кулі здзімае да дзесяці сантыметраў. Траса ж падрыхтаваная добра, снег жорсткі, замерзлы. Ён тут уперамешку са штучным. Наша сэрвісная брыгада ўжо прыступіла да апрабавання змазак, яны рыхтуюць лыжы, тэстуюць іх. Я ўпэўнены, што да старту мы падыдзем у поўным узбраенні.

- Як настроеныя нашы атлеты?

- Усе ў прыўзнятым настроі, бо прыехалі на Алімпійскія гульні. Сітуацыя такая: розніца ў часе з Беларуссю - 6 гадзін, з Еўропай - 8 гадзін. Гэта накладвае свае адбіткі, але мы спецыяльна прыехалі сюды раней, з разлікам прайсці часовую акліматызацыю. Усё ідзе паводле плану, які ўлічвае і часовую акліматызацыю, і расклад, і трэніроўкі. Самае складанае - старты будуць праходзіць у вячэрні час.

- Я ведаю, вы нават да адмысловага графіку цяпер перайшлі. Раскажыце, калі ласка, падрабязней.

- Пакуль мы спрабуем жыць паводле еўрапейскага часу для таго, каб арганізм больш плыўна прайшоў часовую акліматызацыю. Спартоўцы кладуцца спаць (паводле нашага часу) і а 3, і а 4 гадзіне ночы, устаюць пазней. Усё гэта робіцца для таго, каб падвесці арганізм да нармальнага працоўнага стану да дзён старту.

- Настрой бадзёры, і трэніроўкі праходзяць на ўздыме?

- Так, трэніроўкі праходзяць на ўздыме. Адзінае, што холад і пранізлівы вецер, такое халоднае надвор'е ўпершыню за сезон. Варункі для ўсіх аднолькавыя. Дзень-два - і мы абвыкнем і да гэтага.

Апошнія навіны