BE RU EN

Ігар Комлік: Улады баяцца масавых пратэстаў рабочых

Cледчыя дапыталі 200 чальцоў прафзвязу РЭП паводле «справы прафзвязаў».

Крымінальную справу «аб нявыплаце падаткаў», заведзеная на кіраўніцтва прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) у жніўні мінулага года чарговым разам падоўжылі, а следчую групу абнавілі, паведамляе «Радыё Свабода».

Другі тыдзень следчыя апытваюць шараговых чальцоў прафзвязу РЭП у розных рэгіёнах краіны, распавёў бухгалтар незалежнага прафзвязу РЭП Ігар Комлік.

«Апошнія 2 тыдні пачалі апытваць актывістаў нашага прафзвязу, - успамінае Комлік. - У Смалявічах, у іншых месцах, ужо дапыталі блізу 200 чалавек, паводле маіх прыблізных падлікаў. Пытаюцца ў людзей, ці ўваходзяць яны ў РЭП, ці давалі ім якія-небудзь грошы. Гэта адбываецца ў рамках нашай крымінальнай справы, таму мы думаем, што яна зноўку падоўжаная, хоць нас ніхто не інфармаваў».

Кіраўніка прафзвязу РЭП Генадзя Фядыніча і прафсаюзнага бухгалтара Ігара Комлік затрымалі 2 жніўня 2017 года, на іх была заведзеная крымінальная справы «аб нявыплаце падаткаў» у асабліва значнай суме. У той жа дзень пасля ператрусаў у офісах РЭП Генадзя Фядыніча вызвалілі, а бухгалтар Ігар Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка. Перад вызваленнем з-пад варты 2 кастрычніка ў яго таксама ўзялі падпіску аб нявыездзе, а справу прадоўжылі яшчэ на 3 месяцы.

Комлік паведаміў, што цяпер следчая група змянілася.

«Да пачатку студзеня даволі актыўна выклікалі на розныя следчыя дзеянні ледзь не кожны тыдзень, у апошні раз дзесьці 6-7 студзеня, а з тых часоў - цішыня, мяне не выклікаюць», - распавёў Комлік.

Ён не прызнае віны ў нявыплаце падаткаў, а тое, што справу так доўга не закрываюць, звязвае з ціскам на іх прафсаюзную арганізацыю.

«Нас з 2004 года душаць, цяпер новая хваля, бо зноў баяцца масавых пратэстаў рабочых. Ім выгадна трымаць нас на кручку. Быў час, што нібыта спынілі ціск, калі за РЭП заступіліся міжнародныя арганізацыі прафзвязаў і дайшло да санкцый, а цяпер паўтараецца. Калі трымалі за кратамі, то казалі што вінаваты, але нічога не знайшлі і вызвалілі, а цяпер спрабуюць шукаць ва ўсіх кірунках, каб хоць нешта нам выставіць», - пракаментаваў звесткі пра дзейнасць новай следчай групы Комлік.

У следчым камітэце, дзе вядуць справу лідараў прафзвязу РЭП, звестак аб прадаўжэнні справы пакуль не пракаментавалі.

Апошнія навіны