BE RU EN

Крэмль не даў беглым бізнэсоўцам гарантый бяспечнага вяртання

Расейскія бізнэсоўцы могуць патрапіць у цяжкае становішча.

Прэзідэнт Уладзімір Пуцін не будзе аўтаматычна гарантаваць вызваленне ад крымінальнага пераследу расейскім бізнэсоўцам, якія хочуць вярнуцца на радзіму. Запыт будзе перанакіраваны «адпаведным службам», якія мелі пытанні да такіх прадпрымальнікаў, паведаміў прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў, паведамляе bbc.com.

Бізнэс-амбудсмэн Барыс Цітоў раней заяўляў, што ён рыхтуе для прэзідэнта Уладзіміра Пуціна спіс бізнэсоўцаў, якія хаваюцца ў Вялікай Брытаніі ад крымінальнага пераследу, і папросіць для іх дазволу вярнуцца ў Расею пры ўмове, што яны кампенсуюць прычыненую шкоду.

Гэты спіс Цітоў ужо перадаў прэзідэнту. У ім - расейскія бізнэсоўцы, якія пражываюць у ЗША, Вялікай Брытаніі, ААЭ, а таксама на Украіне і на Кіпры. Іх імёны не рассакрэчваюцца.

Найбліжэйшым часам будзе пададзены яшчэ адзін спіс. У яго ўвойдзе «не менш за дзясятак» бізнэсоўцаў з Вялікай Брытаніі. Прадпрымальнікі павінны падаць фармальныя звароту да бізнэс-амбудсмэна, пасля чаго паводле іх спраў будуць зробленыя экспэртныя высновы, сказаў Рускай службе ВВС Дзмітрый Грыгарыадзі, грамадскі амбудсмэн у абароне правоў прадпрымальнікаў, якія знаходзяцца ў вышуку.

«Ці не прэрагатыва гэта прэзідэнта»

«Пакуль мы даведаліся пра гэта з паведамленняў СМІ ў адміністрацыі прэзідэнта, і пакуль мы такога ліста або звароту Барыса Цітова не бачылі», - сказаў Дзмітрый Пяскоў журналістам 5 лютага.

«Вядома ж, гаворка ідзе аб грамадзянах Расеі, аб прадпрымальніках. Хтосьці з іх у ладах з законам. Хтосьці не. Тым больш, што мы ведаем, што Лондан - гэта месца дзе жыве шмат людзей, якія не ў ладах з законам у нашай краіне», - сказаў Пяскоў, адказваючы на пытанне ВВС.

«Таму казаць пра нейкія гарантыі прэзідэнта...Найлепшай гарантыяй з'яўляецца дзейнае заканадаўства Расейскай Федэрацыі. І ў гэтым выпадку - гэта не прэрагатыва прэзідэнта», - прадоўжыў ён.

Ён дадаў, што калі такі ліст паступіць, то ён «будзе разгледжаны і напэўна...перакіраванае адпаведным службам, органам, якія мелі пытанні да гэтых грамадзян. Ці маюць дагэтуль», - сказаў Пяскоў.

Такім чынам, Крэмль не стаў адкрыта падтрымліваць ініцыятыву Цітова. Грыгарыяні на гэта сказаў Рускай службе ВВС, што пісьмовы зварот да прэзідэнта падаецца не для таго, каб дамагчыся гарантый для бізнэсоўцаў, якія знаходзяцца за мяжой.

«Мы ж не кажам «вяртайцеся», мы дапамагаем абараняць правы - дзесьці гэта атрымліваецца, дзесьці не», - сказаў Грыгарыяні, падкрэсліўшы, што гаворка не ідзе аб наданні бізнэсоўцам гарантый бяспечнага вяртання ў Расею.

«[Пераслед бізнэсоўцаў] - гэта вельмі часта рэгіянальныя канфлікты. Справы часта бываюць прыпыненыя. Часам гаворка ідзе пра справы, дзе сілавікі, якія пераследавалі бізнэсоўцаў, ужо не займаюць сваіх пасадаў, бо іх саміх пасадзілі, ці яны, напрыклад, памерлі, - кажа ён. - А справы фармальна ёсць. Зварот да прэзідэнта - гэта магчымасць звярнуць увагу на гэтыя гісторыі і іх аднавіць».

Рэакцыя Пяскова, на думку Грыгарыяні, не зможа звесці ініцыятыву на нішто. «Мы ж ніколі не пішам «Уладзімір Уладзіміравіч, умешвайцеся», мы просім увагі - каб зварот быў з рэзалюцыяй накіраваны ў правяраючы орган, генпракуратуру».

Сустрэча ў Лондане

У суботу, 3 лютага Цітоў правёў у Лондане сустрэчу з расейскімі прадпрымальнікамі, якія ў розны час пакінулі Расею. Сустрэча прайшла ў культурным цэнтры «Пушкінскі дом» і доўжылася тры з паловай гадзіны. На ёй прысутнічалі блізу чатырох дзясяткаў чалавек.

У іх ліку суўладальнік холдынгу «Марта» Георгій Трафілаў, пензенскі прадпрымальнік Аляксей Шматко, былы ўладальнік банка «Траст» Ілля Юраў, заснавальнік «еўрасеткі» Яўген Чычваркін, былы віцэ-прэзідэнт «Раснафты» Анатоль Лакціёнаў, сузаснавальнік кампаній «Mr Doors» Максім Валецкі, суўладальнік лонданскіх рэстарацый Global Craftsmen Group Раман Зэльман, паплечнік Аляксея Навальнага Уладзімір Ашуркаў, лідар грамадскага руху «Прамаўляйце гучней!» Андрэй Сідзельнікаў.

Акрамя некалькіх бізнэсоўцаў на сустрэчу прыйшлі расейскія грамадскія дзеячы, што жывуць у Лондане.

Адкрыта пра жаданне вярнуцца ў Расею заявіў Лакціёнаў.

Некаторыя з прысутных на сустрэчы са скепсісам успрынялі прапанову Барыса Цітова вярнуцца ў Расею, патлумачыўшы, што расейскія праблемы носяць палітычны характар. Яўген Чычваркін, да прыкладу, абвінаваціў яго ў тым, што той баіцца назваць прэзідэнта Пуціна галоўнай перашкодай на шляху вяртання расейскіх бізнэсоўцаў у Расею.

Апошнія навіны