У Брытаніі ствараюць партыю для скасавання Brexit
- 5.02.2018, 16:40
Партыя будзе дзейнічаць па ўзоры палітычнай сілы прэзідэнта Францыі «Наперад, рэспубліка!».
На наступным тыдні ў Вялікай Брытаніі абвесцяць аб запуску палітычнай партыі «Аднаўленне» (Renew), галоўнай мэтай якой будзе скасаванне Brexit.
Пра гэта паведамляе The Local.
Партыя будзе створаная на ўзор палітычнай сілы прэзідэнта Францыі «Наперад, рэспубліка!» (La République En Marche). Запуск «Аднаўлення» захоўвалі ў таямніцы ў Вялікай Брытаніі, у той час як чуткі пра гэта з'явіліся ў Францыі, дзе дэпутаты партыі Макрона прапаноўвалі сваю падтрымку брытанцам.
У гэтыя выхадныя ў Лондане адбылася сустрэча, на якой абвясцілі імёны 222 кандыдатаў на будучыя выбары. Прадстаўнікі партыі Макрона прысутнічалі на сустрэчы і давалі парады ў тактыцы, неабходнай для паспяховага запуску партыі.
«Аднаўленне» будзе афіцыйна абвешчанае на наступным тыдні. Аднак рух ужо мае свой уласны сайт www.renewBritain.org. На сайце выкладзеныя тры прыярытэты партыі: аднаўленне эканомікі, пераадоленне няроўнасці і скасаванне Brexit. Лозунг новай палітычнай сілы - «Людзі з-за межаў палітыкі - за аднаўленне надзеі Брытаніі».
Як і «Наперад, рэспубліка!», партыя «Аднаўленне» імкнецца прыцягнуць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія раней не займаліся палітыкай. Заснавальнікі «Аднаўлення» мяркуюць, што яны могуць паўтарыць поспех праеўрапейскай партыі Макрона, які сфармаваў уласны рух «Наперад!» (En Marche!) Усяго за год да перамогі на прэзідэнцкіх выбарах 2017 года.