Жыхары Бабруйска абураныя SMS, якія прызываюць на прыборку снегу
- 5.02.2018, 16:38
Паведамленні рассылаюць чыноўнікі з раённых адміністрацый.
Прырода, здаецца, наважыла кампенсаваць недахоп снегу ў двух ужо прамінулых месяцах зімы багатымі снегападамі ў апошнім. Камунальныя службы да такога павароту падзей чакана выявіліся не вельмі гатовыя. Непрыемна здзівілі многіх жыхароў Бабруйска пасланні, атрыманыя імі на тэлефоны ад раённых адміністрацый. У гэтых пасланнях чыноўнікі «звяртаюцца з просьбай дапамагчы ў прыбіранні ад снегу прыдамавых тэрыторый і парковачных месцаў».
Некаторыя жыхары горада падтрымалі адміністрацыю раёна і выйшлі на вуліцы з рыдлёўкамі, паведамляе «Бабруйскі інтэрнэт-партал».
Іншыя, наадварот, абураныя:
«Цікава, а адміністрацыя выйшла сама і дапамагла сама сабе ??????» - запытвае карыстач «яспортсмен» у каментарах на тым жа сайце.
«Я, дапусцім, учора ніводнага дворніка не пабачыла з лапатай..., спісалі з мужам на выхадны, пагляджу сёння... А так, народ грошы плаціць у квітанцыях за прыборку дворнікам, за прыборку пад'ездаў, аднак, яны заробак атрымліваюць, а працаваць не хочуць... Гэта атрымліваецца так, што людзі грошы плацяць проста для галачкі і пры гэтым павінны адміністрацыі дапамагчы з прыборкай снегу. Я ўпэўненая, што нават сёння з ЖЭУ ніхто не рыпнецца, народ жа абавязаны дапамагчы, SMS жа ўсім разаслалі, а ім грошыкі пералічваюцца...» - разважае там жа TIONA (стылістыка, арфаграфія і пунктуацыя захаваныя).
Нагадаем, што гэта не першы выпадак такога кшталту ў Беларусі. У студзеня 2014 года такімі SMS-паведамленнямі былі абураныя жыхары Менска. Праўда, фармулёўка «просьбы» тады была карацейшай і больш катэгарычнай. Менгарвыканкам «пераканаўча прасіў прыбраць снег ля машынамесцаў і ў дварах». Мяркуючы з больш карэктнага «абыходжання з просьбай дапамагчы» ад бабруйскіх чыноўнікаў, ранейшыя памылкі ўлічаныя. Праўда, усё гэтак жа адкрытым застаецца пытанне аб правамернасці такой просьбы.