BE RU EN

Беларус Юрый Жукоўскі здабыў тытул чэмпіёна свету ў кікбоксінгу

Тытульны бой адбыўся ва Вроцлаве.

Беларускі атлет Юрый Жукоўскі здабыў тытул чэмпіёна свету ў кікбоксінгу паводле версіі WAKO Pro вагавой катэгорыі да 64,5 кг, паведамляе БелТА.

Тытульны бой адбыўся ва Вроцлаве. Спаборнікам беларуса стаў тытулаваны Эліяс Янкоўскі з Польшчы. «У першым раундзе Юрый Жукоўскі здолеў адправіць апанента ў накдаўн, але затым правёў няўдалы прыём, кікбаксёры сутыкнуліся галовамі, праз гэта ў нашага атлета здарылася рассяканне бровы. Рану хутка зашылі, але нават у такіх умовах беларус здолеў навязаць Янкоўскаму сваю тактыку вядзення паядынку. Пасля пяці раундаў суддзі аддалі перамогу Жукоўскаму ў балах», - распавёў галоўны трэнер нацыянальнай каманды Беларусі ў кікбоксінгу Міхаіл Сцяпанаў.

Бой беларускага і польскага атлетаў стаў адным з цэнтральных на арэне ва Вроцлаве, на якой сабралася больш за 5 тысяч гледачоў. Юрый Жукоўскі з'яўляецца таксама двухразовым чэмпіёнам Еўропы і чэмпіёнам свету ў кікбоксінгу версіі W5. Гэты тытул беларус здабыў у 2014 годзе.

Апошнія навіны