На маёмасць Юрыя Авяр'янава не могуць знайсці пакупнікоў
- 5.02.2018, 15:33
Патэнцыйных пакупнікоў адпужвае высокі кошт.
Пару тыдняў таму адбыліся чарговыя таргі для продажу комплексу маёмасці ЗАТ «Растэм», уладальнікам якога з'яўляецца бізнэсовец Юрый Авяр'янаў, піша nv-online.info.
У канцы снежня 2016 года Эканамічны суд Менска прызнаў ЗАТ «Растэм» эканамічна неаплатаздольным, у дачыненні да ЗАТ уведзеная санацыя і зацверджаны яе план. Тэрмін санацыі - да 28 чэрвеня 2018 года.
Юрыя Авяр'янава 18 студзеня затрымалі ў Берліне, цяпер ідзе працэдура экстрадыцыі - бізнэсовец у Беларусі абвінавачваецца ў няплаце падаткаў.
На нядаўнія таргі былі выстаўленыя сталічны парк забаў «Дрымлэнд» (пачатковы кошт аб'екта - 29 186 000,00 рублёў (без ПДВ)), а таксама «Аграфірма Ілля», якая знаходзіцца ў Вілейскім раёне (былы калгас прадаецца за 6 740 100 рублёў).
Таргі што да «Аграфірмы Ілля» ўжо адбыліся летась - тады пакупнікоў не знайшлося. На гэты раз кошт аб'екта знізілі на 10 адсоткаў, аднак гэта таксама не прынесла ніякага выніку - пакупнікоў лот не зацікавіў, па-ранейшаму не паступіла ніводнай заяўкі.
Антыкрызісны кіраўнік распавядаў, што да аграфірмы Авяр’янава прыглядаліся кітайскія інвестары, якія прасілі значна знізіць кошт. Але і цяперашні кошт, мабыць, кітайскіх прадпрымальнікаў не задаволіў...
Журналісты пацікавілася ў арганізатара аўкцыёну ТАА «Франдэра», які лёс чакае маёмасць Авяр’янава далей?
«Гэта ўжо як вызначыць кіраўнік, - адказалі прадстаўнікі «Франдэры». - Магчыма, адбудуцца паўторныя таргi, а кошт маёмасці будзе зніжаны. Колькі можна праводзіць таргі? Кіраўнік павінен узгадніць гэтыя пытанні са сходам крэдытораў, і ўсё будзе залежаць ад іх пастановы...»
Нагадаем, што з заявай аб прызнанні ЗАТ «Растэм» банкрутам звярнуўся ВТБ-банк. Сярод крэдытораў значацца і некаторыя іншыя вядомыя банкі.