BE RU EN

Кас’янаў: Банкі пачалі закрываць рахункі фігурантаў «крамлёўскага дакладу»

«Крамлёўскі спіс» пачаў працаваць.

Тры чалавекі, чые прозвішчы фігуруюць у так званым «крамлёўскім дакладзе» Мінфіна ЗША, атрымалі просьбы ад замежных банкаў закрыць свае рахункі. Піша ў Twitter старшыня партыі «Парнас» Міхаіл Кас’янаў пра наступствы з'яўлення спісу.

Кас’янаў таксама кажа, што аднаго з фігурантаў спісу «папрасілі забраць сына са швэйцарскай школы на навучанне ў Расею».

Пры гэтым палітык не называе крыніцы, з якіх запазычыў гэтую інфармацыю.

Прайшло ўсяго два працоўныя дні, але НЕсанкцыйны спіс ужо пачынае працаваць. Тое, што ўжо ведаю: тры ягоныя фігуранты атрымалі просьбу ад паважаных замежных банкаў закрыць свае рахункі. Аднаго нават папрасілі забраць сына са швэйцарскай школы на навучанне ў Расею.

«Крамлёўскі даклад» - спіс расейскіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, на якіх з вялікай імавернасцю распаўсюдзяцца амерыканскія санкцыі, быў абнародаваны ў мінулы аўторак. У яго ўвайшлі 210 імёнаў: 114 буйных чыноўнікаў і кіраўнікоў дзяржкампаній, а таксама 96 алігархаў.

У спіс, напрыклад, трапілі чальцы расейскага ўрада, супрацоўнікі адміністрацыі прэзідэнта, паўнамоцны прадстаўнік прэзідэнта ў федэральных акругах, спікеры Дзярждумы і Савета Федэрацыі, губернатар Санкт-Пецярбурга і мэр Масквы.

Падкрэсліваецца, што спіс пакуль не нясе ніякіх наступстваў і носіць толькі рэкамендацыйны характар, да яго могуць пасля прыслухацца ў Кангрэсе ЗША.

Апошнія навіны