Турцыю западозрылі ў дачыненні да атакі на расейскі Су-25 у Сірыі
- 5.02.2018, 12:43
Самалёт ляцеў на нізкай вышыні праз гарантыю бяспекі з турэцкага боку.
Нізкая вышыня палёту расейскага штурмавіка Су-25, збітага ў Сірыі, магла быць звязаная з тым, што Турцыя паабяцала «гарантыю бяспекі на гэтай тэрыторыі». Пра гэта паведамляе газета «Коммерсантъ» са спасылкай на крыніцы.
Менавіта Анкара кантралюе зону дээскалацыі Ідліб. «Пры распрацоўцы палётнага задання маглі спадзявацца на гэта», - распавёў суразмоўца выдання.
Са слоў вайскоўцаў, надзвычайнае здарэнне адбылося пры здзяйсненні манеўру на досыць нізкай вышыні - каля чатырох тысяч метраў.
Штурмавік Су-25 збілі ў сірыйскай правінцыі Ідліб у суботу, 3 лютага. Адказнасць узяла на сябе тэрарыстычная групоўка «Джэйш ан-Наср». Было апублікаванае відэа бітвы пілота збітага самалёта з баевікамі.
Су-25 збілі з дапамогай пераноснага зенітна-ракетнага комплексу (ПЗРК). Пілот Раман Філіпаў, які сядзеў за штурвалам, катапультаваўся. Баевікі адкрылі па вайскоўцу, які спускаўся на парашуце, агонь. Лётчык змог прызямліцца, знайсці сховішча і паведаміць пра сваё становішча пошукава-выратавальнай службе на Хмейміме. Філіпаў адстрэльваўся ад баевікоў, але быў вымушаны падарваць сябе гранатай, каб не быць захопленым у палон.