BE RU EN

Сусветныя дзеячы культуры заклікалі вызваліць Алега Сянцова

Калегі з усіх краін свету салідарныя з украінскім рэжысёрам.

У пасольства Расейскай Федэрацыі ў Парыжы ў панядзелак перададзены зварот з заклікам вызваліць украінскага рэжысёра Алега Сянцова. У жніўні 2015 года Паўночнакаўказскі акруговы вайсковы суд прызнаў Сянцова вінаватым у арганізацыі тэрарыстычнай супольнасці і прысудзіў да 20 гадоў калоніі строгага рэжыму, паведамляе «Радыё Свабода».

Пра пачатак збору подпісаў пад петыцыяй у падтрымку Алега Сянцова французскія пісьменнікі, філосафы і дзеячы культуры абвясцілі яшчэ ў канцы лістапада 2017 года. І вось цяпер канчатковы варыянт петыцыі, пад якой стаяць ужо больш за 3 500 подпісаў не толькі французскіх дзеячаў культуры перададзены расейскаму кіраўніцтву.

Пра тое, як і чаму з'явілася ідэя новага закліку вызваліць Алега Сянцова распавёў ініцыятар гэтай кампаніі, пісьменнік і філосаф Мішэль Ельчаніноф:

– У канцы лістапада ў Парыжы праходзіў фэст "Адзін уікэнд на Усходзе", прысвечаны гораду Кіеву. Быў вялікі вечар дзе абмяркоўвалася тэма свабоды слова ў Расеі і быў праект, прысвечаны Сянцову. Пэўны час таму я стварыў асацыяцыю "Новыя дысідэнты" – гаворка ідзе аб дысідэнтах нашага часу ў Расеі, на Украіне і ва Усходняй Еўропе. І ў гэтай якасці мяне запрасілі на гэты вечар. Паколькі мы збіраліся гаварыць пра Алега Сенцова, я патэлефанаваў Зоі Светавай, каб даведацца пра навіны. Тады казалі, што ён утрымліваецца ў дрэнных варунках, і што ў яго праблемы са здароўем. І тады я напісаў гэты ліст – зварот да расейскай улады вызваліць Алега Сянцова да чэмпіянату свету ў футболе.

– Гэта не першы ліст у падтрымку Алега Сянцова і заклік вызваліць яго гучыць таксама не ўпершыню. Мы бачылі акцыі ў падтрымку Сянцова, у якіх бралі ўдзел самыя вядомыя рэжысёры і акторы свету. Але, на жаль, выніку няма...

– Вы маеце рацыю, кінематографы сапраўды вельмі актыўна змагаюцца за вызваленне калегі. Мы надумалі пашырыць гэтае кола і адправілі гэты ліст не толькі рэжысёрам і акторам. Напрыклад яго падпісалі філосафы Славой Жыжэк, Сулейман Башыр Дыянь, вельмі вядомыя ў Францыі пісьменнікі Эмануэль Карэр і Ані Эрно, польскі тэатральны рэжысёр Кшыштаф Варлікоўскі, еўрапейскі палітычны дзеяч Даніэль Кон Бэндзіт, вядомы як адзін з лідараў студэнцкіх хваляванняў 1968 года таксама падпісаў. Сярод калег Алега Сянцова-кінематаграфістаў, якія паставілі подпісы пад нашым лістом, оскараўскі лаўрэат Мішэль Хазанавічус і класік французскага кіно Бертран Тавернье. Ліст быў апублікаваны спачатку ў газеце "Libération", потым на сайтах "Новай газеты" і польскай "Газета Выборча". Нас падтрымаў міжнародны Пэн-клуб.

МІШЭЛЬ ЕЛЬЧАНІНОФ

– Наколькі я разумею, ліст падпісалі дзеячы культуры не толькі Францыі.

– Так, вядома. Напрыклад, амерыканскі пісьменнік Расэл Бэнкс таксама паставіў свой подпіс... Мы падумалі, што не толькі кіно і не толькі французы павінны падтрымліваць Сянцова, але і немцы, славенцы, амерыканцы... Мы перадалі гэты ліст у МЗС Францыі. І яны паабяцалі, што падчас сустрэч з расейскімі калегамі будуць казаць пра Сянцова.

АЛЕГ СЯНЦОЎ

Хутка будуць прэзідэнцкія выбары ў Расеі, а потым з 14 чэрвеня да 15 ліпеня чэмпіянат свету ў футболе. Мы разлічваем на тое, што паміж выбарамі і чэмпіянатам прэзідэнт Расеі можа зрабіць высакародны жэст, каб нішто не азмрочыла спартыўнае свята. Мы не заклікаем да байкоту чэмпіянату свету ў футболе, бо людзі любяць футбол і паедуць у Расею, каб убачыць яго. Але мы гаворым асцярожна: "Вы едзеце ў краіну, дзе ёсць некалькі дзясяткаў палітычных зняволеных". Гэты момант перад чэмпіянатам свету так званае "акно магчымасцяў", накшталт, таго, што мы бачылі перад Алімпіядай у Сочы, калі Пуцін вызваліў Хадаркоўскага і Pussy Riot. Дык вось на гэты момант мы і разлічваем. Плюс нашы надзеі звязаныя з візітам Эмануэля Макрона ў Расею, ён павінен адбыцца ўжо пасля прэзідэнцкіх выбараў. Я дакладна ведаю, што прэзідэнт Макрон ведае аб нашай петыцыі.

– Бо для іх палітвязні значна больш небяспечныя, чым тыя, хто сядзіць за іншыя, можа быць больш сур'ёзныя злачынствы. Палітвязні небяспечныя, бо яны кажуць пра грамадства, пра дзяржаву, пра тое, пра што большасць людзей маўчыць. Яны сімвал голасу, які не хочуць чуць. І вось тут нашая задача не пераставаць казаць пра палітвязняў, каб было нязручна іх не вызваліць. І ў гэтым сэнсе патрэбны, вядома, ціск грамадскасці, каб і Сянцова і Кольчанку, які праходзіць разам з ім у гэтай справе вызвалілі, – сказаў Мішэль Ельчаніноф.

Восенню 2017 года Алега Сянцова этапавалі з Якуціі ў пасёлак Лабытнангі на Ямале ў калонію №8. У канцы студзеня стала вядома, што ўкраінскі рэжысёр узнагароджаны ордэнам "За мужнасць" імя Андрэя Сахарава. Прэмію ўручылі ягонай сястры Наталлі Каплан.

Апошнія навіны