BE RU EN

Дадатак беларусаў стаў лідарам сярод бясплатных гульняў у App Store

Праграма UNICORN 3D - гэта трохмерная «размалёўка паводле нумароў».

Дадатак UNICORN 3D - «размалёўка» з дапамогай лічбаў, распрацаваная беларусамі, захапіла першы радок рэйтынгу бясплатных гульняў App Store ў некалькіх краінах, у тым ліку ў ЗША, Расеі, Швэцыі і Беларусі, піша tut.by.

Выдавец гульні - AppsYouLove, які належыць ангельскай кампаніі MODERNO DESIGN LP, створанай беларусамі Ігарам Стуканавым і Дзмітрыем Карнеем.

Паводле звестак на 4 лютага гульня займала першы радок у амерыканскім App Store ў катэгорыі «бясплатныя гульні» і другі - у агульным рэйтынгу бясплатных дадаткаў, знаходзячыся паміж YouTube і Instagram.

У Расеі - адпаведна першую і восьмую пазіцыю (апярэджваючы афіцыйны дадатак «Вконтакте»). У Беларусі UNICORN 3D размясцілася на першым месцы сярод бясплатных гульняў і на 9-м сярод усяго топа бясплатных праграм.

Акрамя таго, у шэрагу краін, напрыклад, у Італіі, Балгарыі і Украіне, UNICORN 3D увайшла ў тройку самых папулярных бясплатных гульняў.

UNICORN 3D - гэта трохмерная «размалёўка паводле нумароў». Карыстальніку прапануюць бясколерныя аб'ёмныя фігуры жывёл, раслін або прадметаў, разбітыя на пікселі. Кожны квадрат пазначаны нумарам, якому адпавядае свой колер. У працэсе гульні належыць размалёўваць фігуры паводле загадзя нарыхтаванай схемы.

Гульня бясплатная для карыстальнікаў, аднак у ёй ёсць магчымасць даплаціць за «поўны доступ», у якім больш малюнкаў і няма рэкламы. Такая версія каштуе 9,99 даляра за тыдзень.

Апошнія навіны