У Нямеччыне прадоўжылі перамовы наконт «вялікай кааліцыі»
- 5.02.2018, 10:10
Удзельнікі палітычнага блока дамовіліся наконт большасці пунктаў.
У Нямеччыне прадстаўнікі палітычных сілаў, якія дамаўляюцца аб фармаванні новай урадавай кааліцыі, не змаглі закончыць перамовы ў запланаваныя тэрміны: да 4 лютага.
Як паведамляе dw.com, лідары ХДУ/ХСУ і СДП не дасягнулі згоды аб пунктах рынку працы і сферы аховы здароўя.
"Сёння ў нас быў вельмі канструктыўны дзень, і мы дамовіліся пра многія пункты", - заявіў генеральны сакратар СДП Ларс Клінґбайль.
Зрэшты, паводле ягоных слоў, удзельнікі перамоў усвядомілі, што многія пытанні ўсё яшчэ трэба абмеркаваць больш падрабязна.
"Таму мы разам пастанавілі, што не будзем праводзіць перамовы уночы, а прадоўжым нашыя перамовы і дыскусіі падрабязна і сфакусавана заўтра з 10 раніцы", - адзначыў ён.
Перамовы аб Вялікай кааліцыі стартавалі 26 студзеня. Канцлерка Ангела Мэркель тады аптымістычна ацаніла перспектыву дамовіцца аб стварэнні новага ўрада.
Па выніках выбараў 2017 становішча Ангелы Мэркель пахіснулася, бо звяз ХДУ/ХСУ страціў падтрымку большасці сваіх выбарцаў і быў вымушаны пачаць кааліцыйныя перамовы са Свабоднай дэмакратычнай партыяй і партыяй Зялёных. СДП тады адмовілася тады ўступаць у новую вялікую кааліцыю з ХДУ/ХСУ.
27 лістапада ХДУ Мэркель пагадзілася на вялікую кааліцыю з Сацыял-дэмакратычнай партыяй для заканчэння палітычнага крызісу, які пачаўся пасля правалу перамоў са Свабоднымі дэмакратамі і Зялёнымі. У сваю чаргу сацыял-дэмакраты таксама пагадзіліся пачаць перамовы з кансерватарамі для фармавання новай "вялікай кааліцыі".
У выпадку далейшага прамаруджання з фармаваннем кааліцыі Нямеччыне пагражаюць новыя парламенцкія выбары.