BE RU EN

Як жыхарка Беларусі знайшла месца сілы на курыльскім Шыкатане

Беларуска распавяла аб сваім адзіночным падарожжы на матацыкле.

Жыхарка Беларусі Кацярына Дубаневіч падзялілася з рэдакцыяй расейскага аўтамабільнага часопіса "5Колесо" гісторыяй свайго падарожжа на курыльскую выспу Шыкатан. Як адзначае дзяўчына, "усё пачалося з выпадковасці, а можа, гэта лёс". Мінулай зімой, каб неяк палепшыць шэрыя дні, Кацярына надумала змяніць выяву на працоўным стале кампутара. Увяла ў пошукавік "край зямлі", пачала гартаць фота і спасылкі і так напаролася на сапраўдны Край Свету — мыс на курыльскім Шыкатане, які афіцыйна носіць такую назву. Дзяўчына тут жа падумала, што паедзе менавіта туды, з Менска праз усю Расею на сваім матацыкле BMW F 650 GS, які Кацярына называе "Генры".

"Ёсць два тыпы падарожнікаў: "сеў і паехаў" або "прыдумаў, вывучыў, спланаваў, пралічыў, тройчы падумаў, падстрахаваўся, паехаў". Я належу да другой катэгорыі", — распавяла байкерка.

Падрыхтоўка да падарожжа заняла ў дзяўчыны крыху больш за паўгода з улікам збору інфармацыі, рэзервавання білетаў і паромаў. Яна загадзя замовіла зваротны білет з Паўднёва-Сахалінска ў Менск, бо разумела, што не ўкладзецца ў стандартны адпачынак, калі будзе вяртацца сваім ходам. Акрамя таго, Кацярына аплаціла білет для сябе і перавозку матацыкла паромам з Ваніна у Холмск і квіткі ў абодва бакі толькі для сябе на цеплаход "Ігар Фархутдзінаў", які курсуе паміж Курыльскімі выспамі і Сахалінам, а таксама аформіла памежны пропуск на Шыкатан.

Дзяўчына адправілася ў падарожжа ў канцы ліпеня.

"На Сахаліне я правяла чатыры дні, наведала краязнаўчы музей, даведалася многае пра гісторыю выспы, айнах, ніўхах, мясцовай фаўне і флоры, знайшла сляды японскай спадчыны, пакаштавала варанага краба і выкупалася ў Ахоцкім моры", — распавяла дзяўчына.

Але Сахалін, як адзначыла Кацярына, быў "толькі крокам да мары". Наведаўшы выспу, дзяўчына адправілася на параходзе "Ігар Фархутдзінаў" на "ўжо блізкі яе сэрцу" Шыкатан.

"У будынку марскога вакзала (заўв. рэд. — было) душна і людна. У большасці — вялізныя валізкі, процьма набыткаў, баулаў. Тут і жыхары Курыльскіх выспаў, якія вяртаюцца дадому з набыткамі, і людзі з мацерыка, якія едуць на часовыя заробкі, і некалькі падарожнікаў з цяжкімі заплечнікамі. Кожны едзе за чымсьці сваім, а я імкнуся за марай", — распавяла Кацярына.

Праз амаль 30 гадзін яна дабралася да Шікатану.

"На выспеўсяго два населеныя пункты: вёскі Малакурыльская і Крабазаводская. Даўжыня выспы усяго 27 км, шырыня ад 5 да 13 км. Насельніцтва блізу 3 тысяч чалавек. Да 1994 года насельніцтва было амаль 8 тысяч, але многія з'ехалі пасля землятрусу і цунамі. Цяпер на ўсёй выспе можна ўбачыць шыльды, якія папярэджваюць аб тым, што пры цунамі трэба бегчы наверх, а наверсе будынкі пазначаныя, як сэйсманебяспечныя.

На выспе размешчаны рыбзавод, менавіта сюды прыязджаюць часовыя рабочыя, ёсць сучасны шпіталь, паштовае аддзяленне, філіял Сбербанка, пажарная станцыя, паліцыя, кавярня і некалькі крамаў, у якіх заўсёды ёсць бензін. Кошты, праўда, негуманныя, але што зробіш — "каэфіцыент выспы". Я з сабой прывезла каністру 95‑га, якой мне акурат выстарчыла, каб пакатацца па выспе.

... Мне здаецца, да мыса я амаль бегла. Такая прыгажосць адкрылася погляду. Сэрца калоціцца, але хочацца маўчаць і любавацца. Я змагла, я даехала! Я вельмі рада, што дарога на Края Святу зусім не простая. Яна і павінна быць такой складанай, цяжкай, каб прыкласці намаганні да дасягнення мэты.

Шыкатан перакладаецца з мовы айнаў як "Лепшае месца" (у іншых тлумачэннях — "Вялікае паселішча"). Руская ж назва ў 18 стагоддзі — востраў Фігурны, праз звілістую берагавую лінію і мноства бухт і заліваў.

На зваротным шляху заехала на мыс Непакорлівы і маяк Шпанбэрга. Марцін Шпанберг — расейскі мараплавец, які і адкрыў выспу Шыкатан. Маяк пабудаваны японцамі, вакол шмат іржавых частак ад нейкіх марскіх агрэгатаў і вольна пасуцца два кані. Іх усяго на выспе тры: адзін жыве ў Малакурыльскім і два тут.

Мыс Непакорлівы стаў маім улюбёным. Тут можна бясконца сядзець і думаць аб сэнсе жыцця і велічы прыроды.

Яшчэ на выспе вялікая колькасць бухт, сопак і не стаптаных турыстамі дарожак. З мыса Шыкатан каля Малакурыльскага на заходзе адкрываецца надзвычайны выгляд: пад табой сцелюцца аблокі, гарызонт заліты ружовым святлом, віднеецца вулкан Цяця на..

У перадапошні дзень еду на "Чатыр-ку", так мясцовыя называюць гару Шыкатан, вышыня якой 412 метраў. Яна самая высокая на выспе. Вяршыня гары ўся ахутаная туманам, але руны вайсковых лакатараў у такое надвор'е даюць адчуванне, што я апынулася ў Стоўнхэнджы...

Шэсць дзён на выспе пранесліся як шэсць гадзін. Развітваюся з Шыкатанам з шкадаваннем. Гэта маё месца сілы, мая святая выспа. Хто ведае, можа, я калі-небудзь пабываю тут зноў, — распавяла Кацярына аб сваім падарожжы.

Апошнія навіны