Леанід Заіка: Урад вядзе нас у сусанінскія лясы
- 5.02.2018, 8:22
У Беларусі можа паўтарыцца сітуацыя 2011 года.
Пра гэта выданню belgazeta.by распавёў кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка:
- У 2014 годзе ВУП Беларусі абрынуўся на 38%, а ў 2017 годзе вырас усяго на 2,4%. У 2014 годзе эканоміка Беларусі ўпала і лежма ляжала. Цяпер яна левай нагой толькі ледзь-ледзь прыўзняла свой азадак. Пацыент прадаўжае ўстойліва ляжаць. Такімі тэмпамі росту нам спатрэбіцца гадоў дваццаць, каб дагнаць птушку шчасця 2014 года. Вядома, урад можа вешаць локшыну - беларускія вушы ўжо даўно сталі зручнымі для яе.
Калі б кітайскі міністр эканомікі дакладваў таварышу Сі Цзіньпін пра ўстойлівую макраэканамічную сітуацыю, той бы падняў на яго вочы і спытаў: колькі адсоткаў? Усяго 2,4%? І ён абірае паўночна-карэйскі варыянт - расстраляць урад з кулямёта ці зенітнага комплексу.
Дзецюкі, што вы селі на гэтыя 2,4%? Трэба казаць не пра гэтыя міліметры ртутнага слупка, а пра тое, якія інстытуты развіцця створаныя.
Чаму ўрад Беларусі не вучыцца на памылках? Бо было ўжо, што прадукцыйнасць расла на 10%, а рэальныя даходы - на 18-20%. Вынік - усё ляснулася ў 2011 года.
Дык вось, калі ВУП павялічваецца на 10%, то ўнутраныя даходы - гэта і прыбытак, і заробак, і рэнта - павінны прапарцыйна павялічыцца толькі на 7,5%.
Пра гэта залатое правіла ўлады забыліся ў 2017 годзе. Калі яны яго не ўспомняць альбо ў другой палове гэтага года, альбо ў пачатку 2019 года, то ўспоруцца на вельмі непрыемную сітуацыю, якая супадзе з адной з палітычных кампаній - парламенцкай або прэзідэнцкай. Ці разумее Аляксандр Лукашэнка, у якую пастку яго вядуць топ-полісімэйкеры, выканаўцы ягонай эканамічнай волі?
Пакуль ён гэтага не ўбачыў, і ўрад вядзе нас у сусанінскія лясы.
Гэта называецца «ўсім усё адно». Адны робяць выгляд, што працуюць, іншыя - што выконваюць указанні, Лукашэнка - што ўсім кіруе. А ў народа ў гэты час вочы на лоб лезуць.