BE RU EN

Расейскіх хакераў падазраюць ва ўзломе сеткі ўрада Нямеччыны

У Нямеччыне хакерскую атаку выявілі ў снежні мінулага года.

Расейскія хакеры ўзламалі кампутарную сетку ўрада Нямеччыны. Хакерская група АРТ28 змагла пракрасціся ў сетку міністэрстваў замежных спраў і абароны, паведаміла ў сераду, 28 лютага, агенцтва dpa са спасылкай на крыніцы ў нямецкіх спецслужбах, паведамляе DW.

Паводле іх звестак, хакеры ўкаранілі ў сетку шкоднасныя праграмы і выкралі дакументы. Нямецкія спецслужбы выявілі атакі ў снежні 2017 года, эксперты не выключаюць, што яна доўжылася на працягу ўсяго мінулага года.

Спецыялісты спрабуюць высветліць, наколькі глыбока хакерам атрымалася пранікнуць ва ўрадавую сетку, якой карыстаюцца ведамствы федэральнага канцлера, федэральныя міністэрствы, ведамствы крымінальных спраў, падліковая палата, а таксама спецслужбы.

Групе APT28, вядомай пад назвай Fancy Bear, прыпісваюць таксама напад на ўнутраную сетку бундэстага ў 2015 годзе, падчас якога яны спампавалі блізу 17 гігабайт звестак. Спецыялісты мяркуюць, што АРТ28 працуе пад кіраўніцтвам Галоўнай разведачнай управы (ГРУ) узброеных сіл Расеі.

Апошнія навіны