На беларускай чыгунцы з'явіліся закладнікі
- 28.02.2018, 21:13
Праз дзеянні Баранавіцкае чыгункі некалькі соцень жыхароў прыватнага сектару ў Стоўбцах апынуліся ў пастцы.
Пераход праз чыгунку, якая падзяляе вуліцу Горкага на дзве часткі, быў тут яшчэ да Другой сусветнай вайны. Летась падчас рэканструкцыі чыгуначнага палатна яго ліквідавалі. Цяпер, каб патрапіць у краму, аптэку, школу і садок, мясцовым жыхарам даводзіцца ісці некалькі дадатковых кіламетраў пешшу, піша «Белсат».
Значная частка жыхароў прыватнага сектара - людзі сталага ўзросту. І калі да крамы яны яшчэ дойдуць, то шлях дадому з поўнымі торбамі з'яўляецца для іх сапраўдным выпрабаваннем. Таму і старыя, і малыя, нягледзячы на небяспеку, пераходзяць цераз рэйкі там, дзе раней быў пераход. Замест таго, каб вырашыць праблему, гараджан пачалі штрафаваць.