У Вашынгтоне прыбралі «фэйкавыя» парковачныя знакі ля амбасады РФ
- 28.02.2018, 19:55
Яны былі зробленыя на ксераксе.
Дэпартамент транспарту сталіцы ЗША Вашынгтона прыбраў з вуліцы Tunlaw Road каля амбасады Расеі знакі аб рэзервацыі парковачных месцаў, бо яны былі падробленыя з дапамогай капіравальнага апарата. Прадстаўнікі амбасады сцвярджаюць, яны не пры чым, паведамляе «Радио Свобода».
На абвестку рэзервацыі паркоўкі з 12 гадзін дня 28 лютага да паўночы звярнуў увагу жыхар Вашынгтона Тэд Нортрап. Ён заўважыў, што на часовых дарожных знаках, выпушчаных дэпартаментам транспарту і налепленых на Tunlaw Road, 26 лютага гаворыцца пра рэзервацыю толькі чатырох парковачных месцаў. Пры гэтым абвесткі былі размешчаныя на слупах і прымацаваныя да аранжавых конусаў, якія стаяць на тратуары, уздоўж значна больш працяглага ўчастка вуліцы.
«Відавочна, расейская амбасада зарэзервавала паркоўкі на 4 аўтамабілі... а потым зрабіла копіі знакаў і захапіла ўвесь квартал».
Праз суткі Нортрапу адказаў афіцыйны прадстаўнік дэпартамента транспарту Вашынгтона. Ведамства пацвердзіла, што знакі былі павешаны на Tunlaw Road незаконна:
«Вы мелі рацыю. Яны былі павешаны незаконна. Сёння інспектар дэпартамента транспарту зняў незаконна размешчаныя знакі».
Часовыя знакі пра рэзервацыю паркоўкі выдаюцца ўладамі Вашынгтона, калі прыватнай асобе ці арганізацыі на абмежаваны тэрмін часу патрабуецца паркоўка для разгрузкі або пагрузкi грузаў, а таксама для высадкі або пасадкі пасажыраў - напрыклад, падчас урачыстых прыёмаў або іншых мерапрыемстваў. Для гэтага трэба звярнуцца ў адну з камерцыйных фірмаў, якія аказваюць адпаведныя паслугі. На знаках, фатаграфіі якіх размясціў у твітэры Тэд Нортрап, гаворыцца, што рэзервацыя паркоўкі каля расейскай амбасады была зроблены праз кампанію Atlantic. Заказчык паслугі на знаках не пазначаны, аднак, як вынікае з анонсаў мерапрыемстваў у расейскай амбасадзе ў мінулыя гады, дыпламатычнае прадстаўніцтва ўжо не раз карысталася для арганізацыі паркоўкі паслугамі гэтай фірмы.
Прэс-сакратар амбасады Расеі ў Вашынгтоне Мікалай Лахонін у адказ заявіў, што «амбасада не выкарыстоўвае знешнія паркоўкі». Ён назваў публікацыі «Радио Свобода», тэлеканала «Настоящее время» і ўкраінскай службы «Голоса Америки», прысвечаныя фальшывым паркавальным знакам, «файным фэйкам» («файний» - «добры» па-ўкраінску). У адказ на пытанне «Радио Свобода» пра тое, «ці запланаваныя на 28 лютага ў пасольстве якія-небудзь мерапрыемствы, якія патрабуюць рэзервацыі паркоўкі на Tunlaw Road», Лахонін адказаў, што ў гэты дзень у пасольстве павінен адбыцца паказ фільма савецкага рэжысёра Эсфіры Шуб «Падение династии Романовых» для амерыканскіх студэнтаў.
27 лютага ўчастак іншы вуліцы каля расейскай амбасады, Вісконсін-авеню, афіцыйна стаў называцца «плошчай Барыса Нямцова». Адпаведную ініцыятыву высунуў у 2016 годзе сенатар-рэспубліканец ад штата Фларыда Марка Рубіа, у студзені 2018 года яе ўхваліла гарадская рада Вашынгтона.
У верасні 2017 года расейскія ўлады пазбавілі выдзеленай паркоўкі консульства ЗША ва Уладзівастоку, Екацярынбурзе і Санкт-Пецярбургу. Агульнадаступнай стала таксама паркоўка каля будынка амбасады ЗША ў Маскве. Расейскія СМІ паведамлялі тады са спасылкай на «дыпламатычныя крыніцы», што гэта робіцца для «прывядзення да парытэту ўмоў працы амерыканскай і расейскай дыпмісій», бо ў дыпламатычных прадстаўніцтваў Расеі ў амерыканскіх гарадах «выдзеленых парковак няма».
14 верасня прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Хізэр Нойерт паведаміла на брыфінгу для журналістаў у Вашынгтоне, што не ўважае гэты крок Масквы «помстай» ва ўмовах пагаршэння двухбаковых адносінаў паміж краінамі.
У жніўні 2017 года ЗША распарадзіліся закрыць консульства Расеі ў Сан-Францыска і ўвялі абмежавальныя меры супраць некалькіх аб'ектаў расейскай дыпмісіі ў Вашынгтоне і Нью-Ёрку. У ліпені таго ж года Масква запатрабавала ад Вашынгтона скараціць колькасць супрацоўнікаў дыппрадстаўніцтваў на 755 чалавек. Са слоў прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, гэта было зроблена ў адказ на ўзмацненне санкцый супраць расейскіх кампаній і фізічных асоб. У снежні 2016 года прэзідэнт ЗША Барак Абама распарадзіўся выслаць з краіны 35 расейскіх дыпламатаў і адабраць у Расеі права выкарыстання двух дыпламатычных лецішчаў. Як пісала агенцтва Reuters у ліпені 2017 года, пастанова МЗС аб скарачэнні персаналу амерыканскай дыпламатычнай місіі ў Расеі была прынятая на фоне расчаравання Масквы палітыкай Дональда Трампа, які адмовіўся вяртаць Расеі доступ да гэтых аб'ектаў.