Падазраваны ў крадзяжы больш як $100 млн украінскі дэпутат знайшоўся ў Беларусі
- 28.02.2018, 18:46
Народны дэпутат Украіны Яўген Бакулін даслаў меддаведку з нашай краіны.
Народны дэпутат Украіны ад Апазіцыйнага блока Яўген Бакулін гатовы даць пісьмовыя тлумачэнні прэтэнзіям пракуратуры.
Пра гэта паведаміў на пасяджэнні рэгламентнага камітэта ўкраінскага парламента першы намеснік кіраўніка камітэта Павел Пінзенік, паведамляе карэспандэнт liga.net.
Пінзенік адзначыў, што ў камітэт паступіла інфармацыя ад кіравання дакументальнага забеспячэння і аддзела службовай карэспандэнцыі, што спробы знайсці Бакуліна і ўручыць яму копію прадстаўлення пракуратуры не ўвянчаліся поспехам.
«Пасля гэтага сам дэпутат Бакулін напісаў ліст да кіраўніка Вярхоўнай Рады і ў наш камітэт, дзе паведаміў, што знаходзіцца на лячэнні, з СМІ даведаўся пра прадстаўленне. Таксама ён паведаміў, што мае намер даць тлумачэнні. Ён не можа неадкладна прыбыць на пасяджэнне камітэта, просіць даць яму магчымасць азнаёміцца з прадстаўленнямі і даць свае тлумачэнні», - сказаў Пінзенік.
Таксама ён паведаміў, што Бакулін падаў даведку аб тым, што знаходзіцца на лячэнні.
У каментары журналістам Пінзенік удакладніў, што ліст прыйшоў на дэпутацкім бланку, медыцынская даведка выдадзена медустановай на тэрыторыі Беларусі.
Інфармацыі аб тым, што дэпутат гатовы прысутнічаць на пасяджэнні камітэта, на якім будуць разглядацца прадстаўленні, у лісце няма.
Прадстаўленне пракуратуры на прыцягненне да крымінальнай адказнасці, затрыманне і арышт дэпутата Бакуліна парламенцкі камітэт у пытаннях рэгламенту разгледзіць 12 сакавіка а 14:00.
2 лютага 2018 года генпракурор Украіны Юры Луцэнка паведаміў, што ГПУ будзе прасіць у Рады Украіны згоды на прыцягненне Бакуліна да крымінальнай адказнасці паводле арт. 255 (стварэнне арганізаванай злачыннай групоўкі), арт. 191 (крадзеж дзяржаўных сродкаў у асабліва буйных сумах) і іншых артыкулах КК у рамках справы «вышак Бойкі». 19 лютага прадстаўленні былі перададзеныя ў Вярхоўную Раду на разгляд рэгламентнага камітэта.
22 лютага спікер парламента Парубій заявіў, што Бакулін не выходзіць на сувязь.
У 2010-2014 гадах Бакулін быў кіраўніком праўлення НАК Нафтагаз Украіны. У сакавіку 2014 яго арыштавалі праз падазрэнне ў нанясенні шкоды бюджэту на суму блізу $4 млрд, аднак затым ён выйшаў пад заклад 10 млн грн.