Падатак на «дармаедства» распаўсюдзяць на маёмасць расейцаў
- 28.02.2018, 18:15
Падатак павінен улічваць усе магчымыя даходы людзей, якія знаходзяцца ў працаздольным узросце.
Падатак на «дармаедства», увядзенне якога рыхтуе ўрад РФ, павінен улічваць усе магчымыя даходы людзей, якія знаходзяцца ў працаздольным узросце, але якія не маюць афіцыйнай працы. Пра гэта, як паведамляе РІА Новости, заявіў у сераду міністр працы Расеі Максім Тапілін.
З яго слоў, пры абкладанні падаткам самазанятасці грамадзян улады маюць намер улічваць маёмасць, якая знаходзіцца ў іх уласнасці. Пра гэта піша finanz.ru.
У Дзярждуме ідзе праца над законапраектам аб персаніфікаваным уліку насельніцтва, распавёў Тапілін: яе вынікам стане стварэнне дэ-факта рэестра дармаедаў - людзей, якія карыстаюцца ўсімі відамі дапамогі ад дзяржавы, у тым ліку бясплатнай медыцынай, але пры гэтым не ўносяць плацяжоў у пенсійную сістэму і сістэму АМС.
«(Працэс) цяжка ідзе, таму што тэма спецыфічная, трэба сабраць звесткі з многіх крыніц, у тым ліку падатковай службы, звесткі аб усіх даходах з тым, каб суб'екты РФ маглі вызначаць звесткі падатковай службы і службы, якая вядзе ўлік маёмасці, зямлі і т д.», - распавёў Тапілін.
З ягоных слоў, у рэестры могуць быць 15 мільёнаў чалавек. Гэта звесткі пенсійнага фонду, удакладніў міністр: людзі «знаходзяцца ў працаздольным узросце, але (мы) не бачым паступлення страхавых выплат».
Памер падатку можа скласці 25 тысяч рублёў з чалавека ў год, распавядаў Тапілін у інтэрв'ю «Расейскай газеце» ў лютым: 10 тысяч - у сістэму медыцынскага страхавання і 15 тысяч «для фармавання пенсійных правоў».
Расейскі законапраект пра падатак на «дармаедства» будзе пабудаваны з улікам досведу аналагічнага збору, які дзейнічае ў Беларусі, растлумачылі РІА Новости ў прэс-службе Мінпрацы.