Слуцк застаўся без маршрутак
- 28.02.2018, 17:45
Прыватныя перавозчыкі «Слуцк-Менск» не знайшлі магчымасці аднавіць пасажырскія перавозкі.
Гэта стала зразумела яшчэ ўчора, калі «Кур'ер» паведаміў аб асноўным выніку іх сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў.
Пазней увечары, 27 лютага, нехта з прадстаўнікоў «777» заявіў, што служба адновіць працу, але гэтая інфармацыя з сацсетак была неправеранай - удзельнікі бізнэсу яшчэ вызначаліся сёння, што рабіць далей.
«999» першапачаткова заявілі, што ў цяперашніх варунках легальна вазіць людзей, як раней, немагчыма. Фірма спыніла працу яшчэ 25 лютага.
Маршрутнікі дзвюх фірмаў заявілі, што яны наўрад ці пойдуць на ўмовы, якія прапануе новы аператар перавозак: «Гэта - кабала».
Кіроўцы шукаюць спосабы, як яны могуць далей зарабляць на жыццё і забяспечваць свае сем'і.
Таксама яны пачалі збіраць сярод гараджан подпісы для калектыўнага звароту да Лукашэнкі. Усяго толькі за паўгадзіны каля аднаго з гандлёвых цэнтраў было сабрана 400 подпісаў.
Самі случчакі шукаюць новыя спосабы, як ездзіць у Менск і назад.
Магчыма, праца маршрутак у тым выглядзе, у якім случчакі яе ведалі цягам не менш чым дзесяці гадоў, адышла ў нябыт.
Як паведамлялася раней, тым, хто будзе рабіць рэгулярныя перавозкі без аператара, пагражае штраф ад 10 да 50 базавых адзінак. А потым можна пазбавіцца і ліцэнзіі на перавозкі.
Нагадаем, змены ў законе «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках» ужо ўвайшлі ў дзеянне 23 студзеня. Маршрутнікі як рэгулярныя перавозчыкі цяпер не могуць быць цалкам самастойнымі і павінны працаваць праз дзяржаўнага аператара. Таксама паводле новых правіл яны не змогуць забіраць людзей «ад пад'ездаў», а іх дыспетчары - прымаць заказы праз тэлефон. Дагэтуль невядома, як змены паўплываюць на кошты. Але нелегалы ўжо бяруць па 13 рублёў (раней маршруткі вазілі па 6 рублёў).
Змены ў законе толькі постфактум выклікалі бурную рэакцыю ў грамадстве.