МАК аднавіў сяброўства Алімпійскага камітэта Расеі
- 28.02.2018, 17:24
Міжнародны алімпійскі камітэт зняў санкцыі з Алімпійскага камітэта Расеі.
Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) аднавіў сяброўства Алімпійскага камітэта Расеі (АКР), паведамляе DW.
Пра гэта ў сераду, 28 лютага, паведаміў "Інтэрфакс" са спасылкай на прэзідэнта АКР Аляксандра Жукава. З ягоных слоў, Алімпійскі камітэт Расеі атрымаў ад МАК ліст, у якім гаворыцца аб скасаванні санкцый супраць ДКР. "АКР цалкам адноўлены ў сваіх правах як чалец міжнароднай алімпійскай сям'і", - адзначыў Жукаў.
Кіраўнік АКР дадаў, што ўсе вынікі допінг-пробаў чальцоў дэлегацыі расейскіх атлетаў у Пхёнчхане былі адмоўнымі. "Было сказана, што пры выкананні ўсіх умоў часовае адхіленне будзе знятае, як толькі арганізацыя пацвердзіць адсутнасць парушэнняў дэлегацыі алімпійскіх спартоўцаў з Расеі. Значыць, АКР можа зноў карыстацца ўсімі правамі і можа выконваць усе абавязкі", - падсумаваў Аляксандр Жукаў.
Санкцыі МАК супраць РФ былі ўведзеныя праз допінгі
Раней чалец Міжнароднага алімпійскага камітэта Шаміль Тарпішчаў таксама пацвердзіў аднаўленне сяброўства ДКР. "Усе вынікі праверак нашых спартоўцаў, паказалі іх "чысціню". Ніякіх працэдураў Расеі праводзіць не трэба, аднаўленне сяброўства АКР адбылося аўтаматычна, у МАК няма ніякіх нараканняў", - цытуе агенцтва РБК заяву Тарпішчава.
МАК увёў санкцыі супраць Алімпійскага камітэта Расеі ў снежні 2017 года пасля таго, як у выніку расследаванняў было высветлена, што расейскія спартоўцы сістэматычна ўжываюць допінг. У выніку прыпынення сяброўства АКР у МАК алімпійскім атлетам было забаронена выступаць на Зімовых алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане пад нацыянальным сцягам.