Прадстаўнік Дзярждэпу пра барацьбу з прапагандай: Мы павінны наступаць
- 28.02.2018, 16:55
У ЗША запусцілі праграму барацьбы з умяшаннем Расеі.
Дзярждэпартамент ЗША прадставіў новую праграму процідзеяння расейскаму ўмяшанню на прамежкавых выбарах у Кангрэс, якія пройдуць у 2018 годзе. Ініцыятыва коштам 40 мільёнаў даляраў будзе накіраваная на барацьбу з дэзінфармацыяй і прапагандай, спансаванай дзяржавай і нацэленай на ЗША і іх інтарэсы.
Праграму будзе ажыццяўляць Цэнтр глабальнага ўзаемадзеяння (ЦГУ) Дзярждэпартамента ЗША. Яна пачнецца з працы новага Фонду інфармацыйнага доступу аб'ёмам 1 мільён даляраў, які 26 лютага абвясціў запыт прапаноў з боку арганізацый і ўстаноў з усёй краіны.
Сума фонду будзе паступова даведзеная да 5 мільёнаў даляраў.
Намеснік дзяржсакратара ЗША ў публічнай дыпламатыі і сувязях з грамадскасцю Стыў Голдстэйн заявіў, што абвешчанае пералічэнне сродкаў пацвярджае цвёрды намер ЗША весці барацьбу, піша krymr.com.
«Гэта фінансаванне мае надзвычай важнае значэнне для таго, каб мы і надалей энэргічна рэагавалі на зламысны ўплыў і дэзінфармацыю і маглі абаперціся на паглыбленае партнёрства з нашымі хаўруснікамі, Крамянёвай далінай і іншымі партнёрамі ў гэтай барацьбе. Мы не павінны займаць чыста абарончую пазіцыю, мы таксама павінны наступаць», – адзначыў Голдстэйн.
У заяве Дзярждэпартамэнту гаворыцца, што арганізацыі грамадзянскай супольнасці, пастаўшчыкі інфармацыйнай прадукцыі, няўрадавыя арганізацыі, навукова-вытворчыя цэнтры, якія фінансуюцца з амерыканскага федэральнага бюджэту, а таксама прыватныя кампаніі і акадэмічныя інстытуты змогуць узяць удзел у конкурсах грантаў ЦГВ праз Фонд інфармацыйнага доступу для прасоўвання сваёй важнай працы ў барацьбе з прапагандай і дэзінфармацыяй.
Пазней Цэнтр глабальнага ўзаемадзеяння запусціць шэраг пілотных праектаў, распрацаваных разам з міністэрствам абароны, з дадатковым фінансаваннем з вайсковага бюджэту.
Гэтая праца праводзіцца на загад Кангрэса, які быў дадзены летам 2017 года ў адказ на ўмяшанне Расеі ў прэзідэнцкія выбары ў ЗША ў 2016 годзе. Мэта Кангрэса – супрацьдзеянне расейскім спробам уплыву на палітыку ЗША, якія працягваюцца па гэты дзень.
Голдстэйн таксама заявіў газеце USA Today, што фінансаванне паступіла пазней, чым чакалася, але намагаў, што затрымка «не перашкодзіла Цэнтру глабальнага ўзаемадзеяння весці працу» ў супрацьдзеянні спробам змяніць палітычны дыялог у ЗША з боку іншых дзяржаў.
«Адміністрацыя ставіцца да гэтага вельмі сур'ёзна», – сказаў ён.
Расейскі ўплыў быў добра задакументаваны ў ЗША і за мяжой.
Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2016 года і пасля іх амерыканскія выведслужбы прыйшлі да высновы, што хакеры, якія працуюць на расейскі ўрад, выкарыстоўвалі кібератакі, каб падарваць пазіцыі кандыдата ад дэмакратаў Хілары Клінтан і павысіць шанцы рэспубліканскага кандыдата Дональда Трампа.
Спецпракурор Роберт Мюлер расследуе магчымую змову паміж перадвыбарным штабам Трампа і расейцамі і ўжо выставіў абвінавачванні чатыром былым супрацоўнікам штаба.
Раней у лютым 2018 года Мюлер выставіў абвінавачванні супраць 13 расейскіх грамадзянаў у сувязі са спробамі паўплываць на выбары ў 2016 годзе. У абвінаваўчым заключэнні гаворыцца, што яны працавалі на санкт-пецярбуржскае «Агенцтва інтэрнэт-даследаванняў» са штомесячным бюджэтам 1,25 мільёна даляраў і 200-300 супрацоўнікамі, чыя праца была, галоўным чынам, звязаная з ЗША.
«Мы адкрытыя для фінансавання ўсіх праграм, якія выявяцца эфектыўнымі. Каб дамагчыся рэальных зменаў у гэтай галіне, спатрэбіцца мноства розных метадаў – алгарытмы, тэлевізія, радыё, сацыяльныя сеткі, праца з тэхналагічнымі кампаніямі», – заявіў Голдстэйн.
Голдстэйн прызнаў, што гаворка ідзе аб новым падыходзе, «які раней не выкарыстоўваўся», але ў Дзярждэпартаменце хочуць быць упэўненымі, што яны не выпусцяць прыёмы, якія могуць спрацаваць.
«Ёсць людзі з выдатнымі ідэямі. Гэта іх шанец», – сказаў ён.
Падчас выступу 27 лютага на брыфінгу для прэсы, афіцыйная прадстаўніца Дзярждэпартамента Хізэр Ноерт яшчэ раз падкрэсліла, што калі Расея хоча, каб яе ўспрымалі ў свеце як адказнага партнёра, яе кіраўніцтва павінна перагледзець свае паводзіны на міжнароднай арэне і адмовіцца ад палітыкі агрэсіі і ўмяшання ў справы іншых краін, такіх, напрыклад, як Украіна, Сірыя ці Грузія.
Даведка: У ЗША прадаўжаецца расследаванне магчымага ўмяшання Расеі ў амерыканскія прэзідэнцкія выбары 2016 года. Паводле звестак амерыканскіх спецслужбаў, за леташнімі нападамі на сэрверы Дэмакратычнай партыі стаяла Галоўная выведвальная ўправа Генштаба Узброеных сіл Расеі.
Сярод кампаній, якім выстаўленыя абвінавачванні – «Агенцтва інтэрнэт-даследаванняў» (так званая «Расейская фабрыка троляў»). У пераліку абвінавачаных – бізнэсовец Яўген Прыгожын, якога ў СМІ называюць «асабістым поварам Пуціна». Сам Прыгожын адмаўляе сувязь з кампаніяй.
У спіс абвінавачаных таксама трапілі Міхаіл Быстроў, Міхаіл Бурчык, вядомы як Міхаіл Абрамаў, Аляксандра Крылова, Ганна Багачова, Сяргей Полазаў, Марыя Боўда (Марыя Бяляева), Роберт Боўда, Вадзім Падкапаеў, Глеб Васільчанка, Ірына Каверзіна, Уладзімір Вянкоў і Джэйхун Асланаў.
У пачатку жніўня 2017 года спецпракурор Роберт Мюлер сабраў вялікую калегію прысяжных для расследавання «расейскага следу» на выбарах. Мюлер высвятляе, ці быў у змове штаб Дональда Трампа з Крамлём з мэтай падарваць пазіцыі кандыдата ў прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі Хілары Клінтан.
Масква ўмяшання ў выбарчы працэс у іншых дзяржавах катэгарычна адхіляе, Трамп называе гэта расследаванне «паляваннем на ведзьмаў».