BE RU EN

Кіроўца маршруткі: Папрацуем тры месяцы, а потым нам скажуць - да пабачэння?

Беларускія перавозчыкі абмяркоўваюць новы закон.

З 26 лютага працаваць ад борта маршрутнікам забаронена. Гэта звязанае са зменамі правілаў эксплуатацыі міжгародніх аўтобусаў. Цяпер перавозчыкі павінны ўкласці пагадненне з мясцовым аператарам аб рэгулярных пасажырскіх рэйсах. Кіроўцам умовы не падабаюцца. Таму некаторыя кампаніі прадаўжаюць перавозіць пасажыраў, як і раней, іншыя працу ўсё ж прыпынілі, паведамляе euroradio.fm.

Артур Ліхадзіеўскі працуе ў кампаніі "Фаварыт 999", якая перавозіць пасажыраў са Слуцка ў Менск і назад. Кампанія аб'ядноўвае 30 ІП, у кожнага з іх ёсць маршрутная таксоўка. Да 26 лютага рэйсы былі штодня - кожныя паўгадзіны. У будныя дні пасажыраў было няшмат, але кіроўцы ехалі ўсё адно. З вечара пятніцы і да панядзелка з Менска адначасова стартавалі па дзве-тры маршруткі.

"Людзі тэлефанавалі 26-га, скардзіліся, што не могуць дабрацца. Але што мы можам зрабіць? Нас палохаюць вялізнымі штрафамі і канфіскацыяй аўтамабіля". Пад вакзал "ісці не хочам з адной прычыны. Я індывідуальны прадпрымальнік. Набываў аўтамабілю больш чым за 40 тысяч даляраў. Каб ісці "пад вакзал" і зарабляць грошы, трэба мінімум тры, чатыры ці пяць такіх аўто. Але дзе мне іх узяць? Набыць аўтамабіль за тры-чатыры тысячы даляраў можна, але як потым глядзець людзям у вочы? Няхай лепш ён будзе адзін. Але добры".

Артур мяркуе, што многія кіроўцы застануцца без працы.

"Калі абмяркоўвалі праблему на сходах, нам так і сказалі: "Мы вас усіх не возьмем. У нас няма столькі месца". Гэта значыць, што, напрыклад, мы аб'яднаемся з трыма-чатырма, прыйдзем, папрацуем тры месяцы, а потым нам скажуць - да пабачэння?"

Ад паездак адмовіліся таксама канкурэнты кампаніі. У выніку, адзінай магчымасцю для пасажыраў з'яўляецца аўтобус, які ходзіць не так часта, як маршрутка, і з пэўнымі прыпынкамі. Перавозчыкі пакуль чакаюць і думаюць, як працаваць далей. Збіраюць меркаванні пасажыраў, прапануюць падпісвацца пад петыцыяй.

Вячаслаў Булах, прадстаўнік кампаніі "Новы паварот", якая з 26 лютага спыніла працу ў кірунку "Менск-Полацк-Менск", здзіўляецца, што іх абвінавачваюць у страйку.

"Нам кажуць, што мы страйкуем. Ды не! Вось зрабілі такі закон. Навошта яго парушаць? Падвялі так, што і туды, і сюды яго можна павярнуць. Трэба нешта думаць, каб ездзіць правільна. З 26 афіцыйна не працуем. Пасажыры пыталіся, куды тэлефанаваць, каму скардзіцца, калі паедзем? Гэта таксама невядома".

Праз змены ў законе маршрутнікі абавязаныя адпраўляцца з вакзала, ездзіць вызначаным маршрутам, спыняцца толькі на канкрэтных прыпынках, распрацаваць расклад. З гэтай нагоды вельмі нервуецца намеснік генеральнага дырэктара "Мінсктрансу" Віктар Тозік.

"Няхай яны ўзаконьваюць свае маршруты і прыходзяць, - крычыць ён. - Дарэчы, у нас не толькі ёсць цэнтральны вакзал. Таксама ёсць Паўднёва-заходняя станцыя, дыспетчарская станцыя на Славінскага, Аўтазаводская. Захад-3, адкуль адпраўляецца транспарт у гарадзенскім кірунку".

Ён дадае, што сёння Цэнтральны аўтавакзал загружаны не больш чым на 65 адсоткаў. Але мала гэта ці многа? Відавочна, што калі сёння ўсё маршрутнікі прыйдуць працаваць на Цэнтральны, ён не зможа справіцца з такой колькасцю транспарту. І каб наведаць сваякоў, людзі пасля працы ў пятніцу павінны будуць адпраўляцца ў іншы канец горада, каб дабрацца да Гародні, Магілёва ці іншага пункта. Што самае галоўнае - яшчэ не факт, што месцаў выстарчыць усім.

Апошнія навіны