BE RU EN

«Гарант незалежнасці» усё ж забараніў шэсце і мітынг на 100-годдзе незалежнасці

Арганізатары святочных мерапрыемстваў атрымалі афіцыйны адказ.

Заяўнікі шэсця і мітынгу 25 сакавіка, прысвечаных 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі, атрымалі 28 лютага адказ з Менгарвыканкама.

Улады не дазволілі шэсце з плошчы Якуба Коласа праезнай часткай праспекта Незалежнасці і мітынг-канцэрт на плошчы Свабоды.

Тэкст адказу апублікаваў у «Фэйсбуку» старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

Фармальная прычына - у спісе заяўнікаў была Вольга Кавалькова ад БХД, якая прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці цягам года.

Заяўка была пададзеная 25 студзеня гэтага года ад імя шэрагу палітычных партый і грамадскіх арганізацый, якія ўваходзяць у Нацыянальны аргкамітэт для святкаванні 100-годдзя БНР. У іх ліку: Партыя БНФ, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, АГП, рух «За свабоду», рух салідарнасці «Разам», Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада Станіслава Шушкевіча, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) Валянціны Вештарт, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) Мікалая Статкевіча, незалежны прафзвяз РЭП, «Беларускі рух», арганізацыя «Дзея», грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь».

Апошнія навіны