BE RU EN

«Дзе Ганчар?»: Сем фактаў пра зніклага палітыка

28 лютага 1999 года ў цэнтры Менска быў арыштаваны Віктар Ганчар.

«Дзе Ганчар?» - у пачатку нулявых такі надпіс можна было пабачыць у Віцебску на кожным рагу, пераходзе і ў дварах. Але колькі б ні пыталіся сцены, гэтае пытанне так і засталося без адказу. 28 лютага 1999 года ў цэнтры Менска быў арыштаваны Віктар Ганчар, а ўжо праз 7 месяцаў ён прапаў без вестак. А што мы ведаем пра былога віцэ-прэм'ера ўрада Беларусі, чалавека, аб таямнічым знікненні якога кажуць дагэтуль, піша «Віцебскі кур'ер».

1. Віктара Ганчара многія ўспамінаюць як таленавітага палітыка. За сваю кар'еру ён пабываў на пасадзе віцэ-прэм'ера, быў генеральным сакратаром Эканамічнага суда СНД, дэпутатам Вярхоўнага Савета 12 і 13-га склікання, старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК), а таксама ўзначаліў альтэрнатыўны Цэнтрвыбаркам падчас альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбараў 1999 года.

2. Захоплены палітык, працавіты чалавек, здольны днямі напралёт сядзець за кнігамі - так апісала свайго мужа Зінаіда Ганчар у інтэрв'ю «Салідарнасці» ў 2009 годзе.

Анатоль Лябедзька, у 1990 годзе калега Ганчара, успамінаў яго як таленавітага прамоўцу і аднаго з самых папулярных дэпутатаў Вярхоўнага Савета.

3. На прэзідэнцкіх выбарах 1994 году Віктар Ганчар падтрымаў кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі, але, са слоў Анатоля Лябедзькі, не адыгрываў актыўнай ролі ў ягонай выбарчай кампаніі. Ужо падчас лістападаўскага рэферэндуму 1996 заняў бок апазіцыі і актыўна выступаў супраць Аляксандра Лукашэнкі.

4. Віктар Ганчар падаў у адстаўку ўсяго праз некалькі месяцаў пасля свайго прызначэння віцэ-прэм'ерам урада. Гэты прэцэдэнт уважаецца за першую ў Беларусі публічную адстаўку чыноўніка. Кацярына Антонік, ягоная памочніца ў 95-99 гадах, узгадвала, што пайшоўшы на пасаду Генеральнага сакратара Эканамічнага суда СНД, Ганчар працаваў без выходных.

5. У чэрвені 1995 года аўтамабіль Віктара Ганчара абстралялі, але паранілі Кацярыну Антонік, якая апынулася на пасажырскім месцы, дзе звычайна сядзеў Віктар. У сваім інтэрв'ю «Салідарнасці» у 2009 годзе, Кацярына ўспамінала, што драмала, а потым пачула выбух і ўбачыла кроў на сядзенне:

«Затым заўважыла шмат міліцыі вакол і маладога чалавека ў форме, які сядзеў на бардзюры, закрыўшы твар рукамі. Ён падышоў прасіць прабачэння (высветлілася, гэта ён страляў), сказаў, што яму паведамілі пра знаходжанне ў машыне небяспечнага злачынцы»

6. Падчас канстытуцыйнага рэферэндуму 1996 года Ганчар быў звольнены з пасады старшыні ЦВК, а ў 1999 годзе пакінуў працу суддзі ў Рызе, калі Вярхоўны Савет пацвердзіў яго паўнамоцтвы на гэтай пасадзе. Як пісаў «Коммерсант» у красавіку 1999 года, Віктар Ганчар за два тыдні сфармаваў альтэрнатыўны ЦВК, правёў пасяджэнне кіраўніцтва больш як двух дзясяткаў грамадскіх арганізацый, а да канца лютага альтэрнатыўная выбарчая камісія з'явілася ў кожным раёне рэспублікі, усяго 186. 1 сакавіка, калі альтэрнатыўны ЦВК сабраўся для рэгістрацыі ініцыятыўных груп для збору подпісаў, міліцыя паспрабавала спыніць аўтамабіль Віктара Ганчара. Палітык замкнуўся ўнутры, але яго выцягнулі праз бакавую шыбу. За гэты час чальцы ЦВК паспелі правесці галасаванне проста ў аўтобусе па дарозе на пасяджэнне. Віктар Ганчар атрымаў 10 дзён арышту і крымінальную справа аб «прысваенні паўнамоцтваў службовай асобы».

7. 16 верасня 1999 года Віктар Ганчар знік у Менску, на вуліцы Фабрычнай, разам з бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім, вяртаючыся позна вечарам пасля лазні. Як пісала БелаПАН, апошні раз іх бачылі пад 22.35. На меркаваным месцы выкрадання былі знойдзеныя аскепкі святлосігнальных прыбораў аўтамабіля, сляды яго тармажэння і ўдару аб дрэва і сляды крыві, па выніках экспэртызы, з 99,6% імавернасці належалі Віктару Ганчару. У 2002 годзе суд прызнаў яго зніклым без вестак.

У верасні 2005 года ў Менску больш за 100 чалавек выйшлі на плошчу з партрэтамі Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі, Дзмітрыя Завадскага. Акцыя не была санкцыянаваная гарадскімі ўладамі і сустрэла супраціў супрацоўнікаў міліцыі.

Апошнія навіны