Музыка «J: морс» трапіла ў фільм сына Дэвіда Боўі
- 28.02.2018, 11:48
Песні беларускага гурта слухае ўладальнік клуба, вакол якога разгортваецца сюжэт кінастужкі.
Фрагменты песень гурта «J: морс» гучаць у фантастычным фільме «Нямко», які выйшаў днямі, рэжысёрам якога з'яўляецца Дункан Джонс - сын Дэвіда Боўі. На ягоным рахунку таксама фільмы «Зыходны код», «Варкрафт», «Месяц 2112», паведамляе onliner.by.
Дзеянне стужкі адбываецца ў Бэрліне 2052 года. Галоўны герой фільма - нямы бармэн Лео, які страчвае сваю каханую. Ён самастойна разблытвае дэтэктыўны клубок, сустракаючы на шляху крымінальных дзеячаў і двух амерыканскіх хірургаў.
У фільме здымаліся Аляксандр Скарсгард («Меланхолія», «Вялікая маленькая хлусня»), Пол Рад ( «Правілы вінаробаў», «Чалавек-мураш»), Джасцін Тэру («Малхоланд драйв») ды іншыя.
Лірычныя песні «J: морс» - «Басанож па маставой» і «Айсбергі» - слухае ў слухаўках галоўны гангстэр Максім. Яму належыць клуб, вакол якога разгортваюцца падзеі фільма. Таксама ў стужцы гучыць музыка Дэвіда Боўі, Філіпа Гласа, Nirvana, іншых амерыканскіх і нямецкіх артыстаў.
«Нямко» эксклюзіўна распаўсюджваецца праз Netflix - адзін з найбуйнейшых сусветных онлайн-сэрвісаў для кіно і серыялаў.