Фотафакт: у Менску назіралі «зімовую вясёлку» на Месяцы
- 28.02.2018, 10:42
Вакол спадарожніка Зямлі было відаць светлае кола даволі вялікага дыяметру.
Уночы 28 лютага ў Менску і іншых населеных пунктах назіраўся аптычны феномен - месяцовае гало. Вакол спадарожніка Зямлі было відаць светлае кола даволі вялікага дыяметру, паведамляе tut.by.
«З 23.30 і як мінімум да гадзіны ночы з Ратамкі назіраў месяцовае гало. Яно было на рэдкасць яркім і насычаным», - распавёў астраном-аматар Андрэй Лейчык.
У сацыяльных сетках з'явілася мноства фатаграфій ад тых, хто заўважыў светлую акружнасць на небе. Гало назіралі ў розных раёнах Менска, а таксама ў Заслаўі і Смалявічах.
Нагадаем, гало з'яўляецца вакол Месяца або Сонца праз праламленне прамянёў святла ў крышталях лёду ў паветры. Гэтую з'яву часам называюць «зімовай вясёлкай», часцей за ўсё яе можна назіраць у марознае надвор'е.