Швайцарыя правядзе рэферэндум аб вызваленні грамадзян ад падаткаў
- 28.02.2018, 10:27
На плебісцыт будзе вынесенае пытанне аб праве дзяржавы збіраць падаткі.
У Швайцарыі 4 сакавіка адбудзецца рэферэндум, на які вынесенае пытанне аб далейшым праве дзяржавы спаганяць падаткі з грамадзян.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні на сайце швайцарскага ўрада.
Наўпроставы федэральны падатак і ПДВ з'яўляюцца найважнейшымі крыніцамі даходаў федэральнага ўрада (2/3 даходаў Швайцарыі, 43,5 млрд франкаў у 2016 годзе). Права ўрада на спагнанне гэтых падаткаў абмежаванае да 2020 года.
Швайцарскія выбарцы будуць галасаваць наконт новага фінансавага рэгламенту, які павінен увайсці ў дзеянне з 2021 года. Калі яны прагаласуюць «за», то ўрад атрымае паўнамоцтвы спаганяць падаткі да канца 2035 года.
Урад Швайцарыі і парламент рэкамендуюць прыняць канстытуцыйныя пункты аб новым фінансавым становішчы.
Дэпутаты ў мінулым годзе прынялі адпаведны законапраект 196 галасамі, ніводнага голасу супраць не было.
«Калі дакумент будзе прыняты, Канфедэрацыя будзе мець фінансавыя сродкі, неабходныя для працягу выканання сваіх задач. Кантоны таксама карыстаюцца наўпроставымі федэральнымі падаткамі, з якіх яны атрымліваюць 17%», - адзначылі ва ўрадзе.