Кіроўцы Віцебска: Калі чапляемся сподам, то ўспамінаем Косінца
- 28.02.2018, 9:41
Прывакзальная плошча ў горадзе ператварылася ў квэст для аўтамабілістаў.
Праезная частка на Прывакзальнай плошчы ў Віцебску пакрылася ямамі і выбоінамі, што абцяжарвае працу грамадскага транспарту, пра гэта «Народным навінам Віцебска» распавялі некалькі кіроўцаў.
Як па мінным полі
На плітку асфальтавае пакрыццё плошчы перад чыгуначным вакзалам у Віцебску замянілі пры рэканструкцыі ў 2010 годзе, работы скончылі ў ліпені - перад пачаткам фестывалю «Славянскі базар у Віцебску». Пры гэтым цэментавую плітку паклалі і на пешаходных зонах, і на праезнай частцы.
Такое пакрыццё стала вельмі хутка псавацца, яго перыядычна рамантуюць на невялікіх лапіках, аднак ям становіцца ўсё больш.
- Мы едзем тут, як па мінным полі, - распавядае кіроўца гарадскога аўтобуса. - Ужо на памяць ведаем, дзе якая ямка, але не заўсёды атрымліваецца аб'ехаць. Пасажыры, натуральна, на сабе адчуваюць гэтую «гайданку», але асноўны ўдар прымае падвеска машын.
У 2016 годзе журналісты пісалі пра рамонт адцінку пліткавага пакрыцця на ўездзе на Прывакзальную плошчу. У мінулым годзе ў гэтым самым месцы зноў перакладалі плітку, але яма зноў з'явілася.
Гэта была дрэнная ідэя
Для брукавання Прывакзальнай плошчы ў Віцебску выкарыстоўвалі звычайную прастакутную плітку, а не так званую «катушку», якая дзякуючы сваёй форме трывала трымае месца. Але і сама плітка хутка сціраецца, не вытрымлівае таксама пясчана-цэментная падкладка.
- Хто прыдумаў пакласці плітку там, дзе рухаецца цяжкі транспарт? - дзівіцца іншы кіроўца. - Бо мой тралейбус пусты важыць 12 тон, а з пасажырамі - усе 18, поўны аўтобус з «гармонікам» наогул важыць 28 тон. А гэтая плітка і пешаходаў на ходніках доўга не вытрымлівае - крышыцца. Калі на яме сподам дном - заўсёды ўспамінаем Косінца...
Кіроўцы сцвярджаюць, што неаднаразова скардзіліся на стан пакрыцця праезнай часткі Прывакзальнай плошчы. Але вынікаў няма - каб давесці да ладу ўсю плошчу, неабходны паўнавартасны рамонт, ямачнымі латкамі ўжо не абысціся, а на гэта патрэбныя прыстойныя сродкі.
Пакуль жа шафёрам аўтобусаў і тралейбусаў даводзіцца запамінаць усе новыя ямкі, а пасажырам мацней трымацца за поручні.