Алесь Чайчыц: БНР была б больш багатай і шчаслівай краінай, чым БССР і цяперашняя Беларусь
- 28.02.2018, 8:29
Шмат што застаецца даступным і цяпер - была б толькі воля.
Сваім меркаваннем на тэму, як выглядала б сучасная Беларусь, калі б БНР у свой час перамагла і мела шанец метадычна развівацца, з «Большим» падзяліўся Алесь Чайчыц - чалец Прэзідыуму Рады БНР, Сакратар інфармацыі Рады БНР.
- Адзіная краіна ў нашым рэгіёне, якая ў 1917-18 гадах атрымала незалежнасць, здолела яе абараніць і змагла больш-менш канструктыўна развівацца, гэта Фінляндыя. Краіна без асаблівых прыродных рэсурсаў, з суровым кліматам, з насельніцтвам трохі большым, чым палова Беларусі. Але за дваццатае стагоддзе яна стала адной з найбольш паспяховых і заможных дзяржаў у свеце, адным з найлепшых месцаў для жыцця. Гісторыя, зразумела, не трывае ўмоўнага ладу.
Казаць, што калі б БНР перамагла, Беларусь была б Фінляндыяй - гэта занадта гучна. Але фінскі прыклад у нас заўсёды павінен быць перад вачыма. Вядома ж, ёсць шмат пераменных, ад якіх залежала б, якой была б незалежная дэмакратычная Беларусь у форме БНР. Якімі былі б стасункі БНР з Польшчай і Літвой? З міжваеннай Нямеччынай? Якой была б савецкая Расея? Ці існавала б незалежная Украіна і якімі былі б стасункі БНР з ёй? Ці здарылася б Другая сусветная вайна? Ці была б савецкая акупацыя Усходняй Еўропы пасля вайны?
Можна з пэўнымі дапушчэннямі ўявіць сабе, што БНР стала б у адзін шэраг з іншымі краінамі рэгіёну, нашымі самымі блізкімі суседзямі - Польшчай і краінамі Балтыі.
У Беларусі была б рынкавая эканоміка, якая абапіралася б на самастойнасць людзей, а не на цэнтральнае планаванне і загады чыноўнікаў. Сялянам далі б працаваць на саміх сябе на сваёй зямлі, хоць эканоміка ўсё ж мела б выразны «сацыяльны» ўхіл.
Беларуская мова надзейна замацавалася б у якасці асноўнай дзяржаўнай мовы. Пры гэтым расейская, ідыш і польская таксама мелі б афіцыйны статус.
Беларуссю б увесь час кіравалі беларусы з аглядкай на інтарэсы Беларусі, а не на інтарэсы Крамля.
Без савецкай індустрыялізацыі ў сучаснай Беларусі не было б МАЗа, БелАЗа і Мазырскага НПЗ. Але можа і добра, што іх бы не было? У краінах Балтыі пасля распаду СССР аналагічныя савецкія заводы пазакрывалі - і неба на зямлю там не ўпала, узровень жыцця там вышэйшы, і гастарбайтары едуць з Беларусі туды, а не ў адваротным кірунку. Зноў жа, у Фінляндыі савецкай індустрыялізацыі не было, але Nokia ёсць.
Бо ў створанай сапраўднай Беларусі мы б абышліся без жалезнай заслоны, БНР не была б белай плямай на мапе Еўропы - людзі ў Заходняй Еўропе, Амерыцы, Азіі ведалі б, што такая краіна ёсць, што яна мае сваю ўласную самабытную культуру, мову, гісторыю. Беларусь мела б значна больш часу, каб распавесці свету пра сябе і запомніцца не толькі палітолагам, але і простым людзям. Не было б: якая такая «белая Расея»? А што, ёсць і «чорная»?
БНР была б больш багатай і шчаслівай краінай, чым БССР і цяперашняя Беларусь. Але, адкінуўшы ў бок фантазіі, думаю, што многае застаецца даступным і цяпер - была б толькі воля. І калі Беларусь стане на стабільны шлях развіцця як самастойная дэмакратычная еўрапейская дзяржаву, калі 25 сакавіка будзе дзяржаўным святам, а беларуская мова - паўнапраўнай дзяржаўнай мовай, тады місія Рады БНР будзе выкананая і мы перадамо наш мандат дэмакратычным беларускім уладам. Я ўпэўнены, што дажыву да гэтага моманту.