BE RU EN

У аэрапорце Буэнас-Айрэса затрымалі расейца з валізкай какаіну

З некаторых звестак, расеец адпраўляўся ў Франкфурт-на-Майне.

Аргентынская паліцыя затрымала ў аэрапорце Буэнас-Айрэса грамадзяніна Расеі, які спрабаваў правезці праз мяжу валізку з наркотыкамі

Служба бяспекі міжнароднага аэрапорта Буэнас-Айрэса затрымала грамадзяніна Расеі. Пры даглядзе ягоных рэчаў паліцыя высветліла, што ў валізцы падвойнае дно, пад якім былі выяўленыя 4 кг какаіну. Пра гэта ў сваім Facebook паведаміла міністр бяспекі Аргентыны Патрыцыя Булрыч, паведамляе РБК.

Паводле ейных слоў, захады надгляду былі больш жорсткімі пасля таго, як паліцыя правяла спецаперацыю для спынення канала паставак наркотыкаў з Аргентыны ў Расею.

АЭРАПОРТ БУЭНАС-АЙРЭСА (ФОТА: MARCOS BRINDICCI/REUTERS)

Імя падазраванага не называецца. Не паведаміла Булрыч і пра тое, куды накіроўваўся з Аргентыны расейскі грамадзянін.

Выданне Clarin між тым паведаміла, што 50-гадовы расеец быў арыштаваны яшчэ ў мінулую нядзелю. Накіроўваўся ён у міжнародны аэрапорт нямецкага горада Франкфурт-на-Майне на самалёце авіякампаніі Lufthansa.

22 лютага на прэс-канферэнцыі ў Буэнас-Айрэсе Булрыч паведаміла пра тое, што ў снежні 2017 года злачынная група спрабавала пераправіць груз какаіну ў Маскву на расейскім ўрадавым самалёце. Пазней у расейскім МЗС паведамілі, што ў выніку праведзенай супольна з Аргентынай аперацыі была спыненая адпраўка ў Маскву больш за 350 кг какаіну.

ПАДАЗРАВАНЫ (ФОТА: СТАРОНКА ПАТРЫЦЫІ БУЛРЫЧ У FACEBOOK)

Як высветлілася, наркотыкі яшчэ ў снежні 2016 года знайшлі ў школе пры расейскай амбасадзе ў Буэнас-Айрэсе. Какаін у валізках замянілі на белы парашок і сталі чакаць, хто будзе адпраўляць яго далей. Як высветлілася, да злачыннай групы меў дачыненне супрацоўнік расейскай дыпмісіі Алі Абьянаў, які цяпер знаходзіцца ў Маскве пад арыштам.

Напярэдадні аргентынская жандармерыя пацвердзіла, што ў матэрыялах следства ёсць фатаграфія, на якой выяўлены ўрадавы самалёт РФ з бартавым нумарам RA-96023, на які пагрузілі валізкі з наркотыкамі (як меркавалі ўдзельнікі злачыннай групы).

Лайнер з такім бартавым нумарам, паводле звестак рэсурсу russianplanes.net (пасля публікацыі матэрыялу РБК рэсурс стаў недаступны, захаваную версію старонкі сайта можна знайсці ў кэшы Google), належыць ФДБУ «Спецыяльны лётны атрад (СЛА) «Расея» Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Расеі, якое спецыялізуецца на перавозцы першых асоб дзяржавы.

Рэсурс таксама паказвае, што 6 снежня 2017 гады самалёт Іл-96 з бартавым нумарам 96023 сапраўды быў у аэрапорце Буэнас-Айрэса. 7 снежня ён быў у Каба-Вэрдэ, адкуль паляцеў у Маскву.

Апошнія навіны