У Вашынгтоне нададуць плошчы імя Барыса Нямцова
- 27.02.2018, 20:50
Плошча перад расейскім пасольствам у сталіцы ЗША будзе насіць імя палітыка.
У Вашынгтоне ў аўторак, 27 лютага, у гэтыя хвіліны праходзіць урачыстая цырымонія прысваення плошчы перад будынкам амбасады РФ імя Барыса Нямцова. У цырымоніі бяруць удзел удава Нямцова Раіса і дачка Жанна, паведамляе DW.
Жанна Нямцова пракаментавала пастанову гарадскіх уладаў надаць імя Нямцова менавіта плошчы перад амбасадай. «Я думаю, іх логіка была такая, што Барыс Нямцоў быў расейскім палітыкам. Расеі варта ганарыцца тым, што Барыс Нямцоў быў дзяржаўным дзеячам і палітыкам, які хацеў бачыць Расею больш квітнеючай, еўрапейскай, дэмакратычнай», - заявіла яна.
1 Boris Nemzov Plaza
Першапачаткова прапанову назваць адну з плошчаў Вашынгтона імем Нямцова высунуў у 2016 годзе сенатар-рэспубліканец ад штата Фларыда Марк Рубіа. Паведамлялася, што ў выпадку адабрэння ініцыятывы гарадской радай расейская амбасада ў ЗША атрымае адрас: 1 Boris Nemtsov Plaza (плошча Барыса Нямцова, дом 1). У пачатку студзеня гарадская рада Вашынгтона аднагалосна ўхваліла законапраект перайменавання.
Барыс Нямцоў быў забіты стрэламі ў спіну ў цэнтры Масквы ў ноч на 28 лютага 2015 года. Выканаўцы гэтага злачынства былі прысуджаныя расейскім судом да працяглых тэрмінаў турэмнага зняволення, але заказчыкі забойства апазіцыянера так і не былі высветленыя.