Беларусам пад увагу: 1 сакавіка ў Польшчы ўваходзіць у дзеянне закон пра абмежаванне гандлю ў нядзелю
- 27.02.2018, 20:20
Гандлёвымі застануцца дзве нядзелі ў кожным месяцы - першая і апошняя.
1 сакавіка ўваходзіць у дзеянне закон пра абмежаванне гандлю ў нядзелю, згодна з якім у кожным месяцы дзве нядзелі - першая і апошняя - будуць гандлёвымі, паведамляе «Радыё Польшча».
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда сцвярджае, што паступовае абмежаванне гандлю ў нядзельныя дні з'яўляецца добрым рашэннем: «Добра, што гэта ўводзіцца раўнамерна і спакойна, з дапамогай паступовага пераходу. Добра, таму што для многіх людзей гэта шок, калі яны не змогуць зрабіць пакупкі ў гандлёвых сетках у нядзелю. Так робяць у дэмакратычных багатых краінах. Хай хтосьці паедзе ў Нямеччыну і паспрабуе ў нядзелю пайсці ў супермаркет. З'ездзіце ў Аўстрыю і паспрабуйце зрабіць закупы ў нядзельны або святочны дзень. Крамы зачыненыя, людзі не працуюць, нядзеля - дзень свабодны ад працы. Я рады, што па меры таго, як наша дзяржава расце і ўмацоўваецца, мы такія прынцыпы ўводзім таксама ў Польшчы».
З 1 студзеня наступнага года гандлёвай будзе толькі адна нядзеля ў месяцы. З 2020 года забарона на гандаль у нядзелю будзе абавязваць ва ўсе гэтыя дні месяца, акрамя сямі нядзель у годзе: перад Калядамі, перад Вялікаднем і апошнія ў студзені, красавіку, чэрвені і жніўні.
Закон прадугледжвае цэлы спіс выключэнняў. Гандляваць у нядзелю можа ўладальнік крамы, пры ўмове, што ён сам стане за прылавак. Ажыццяўляць гандаль у нядзельныя дні могуць таксама пякарні, кандытарскія, крамы на аўтазапраўках, кветкавыя крамы, а таксама гандлёвыя кропкі на пошце, вакзалах і ў аэрапортах.