Македонія падабрала варыянты для перайменавання краіны
- 27.02.2018, 20:07
Балканскай краіне трэба займець новую назву, каб уладзіць спрэчку з Грэцыяй на шляху інтэграцыі з ЕЗ.
Македонія і яе паўднёвы сусед Грэцыя дамовіліся пачаць перамовы сёлета для таго, каб вырашыць спрэчку праз назву былой югаслаўскай рэспублікі, якая замінае ёй далучыцца да NATO і Еўразвязу.
Афіны, як і ўсе сябры абедзвюх арганізацый, маюць права вета ў пытаннях пашырэння. Грэцкаму боку не падабаецца назва «Македонія», бо яе і некаторыя артыкулы канстытуцыі суседняй краіны можна выкарыстоўваць для тэрытарыяльных прэтэнзій на паўночны рэгіён Грэцыі з такой жа назвай, піша zn.ua са спасылкай на Reuters.
Македонія спадзяецца развязаць гэтую праблему да сустрэчы з ЕЗ, якая адбудзецца ў чэрвені, і саміту NATO ў ліпені. Для гэтага яна прапануе дадаць геаграфічнае «ўдакладненне», каб падкрэсліць розніцу паміж назвамі.
«Сярод прапаноў назвы: Рэспубліка Паўночнай Македоніі, Рэспубліка Верхняй Македоніі, Рэспубліка Македоніі Вардар і Рэспубліка Македонія (Скоп'е)», - сказаў прэм'ер-міністр Македоніі Зоран Заеў.
На пытанне, ці задаволіць хоць нейкі з гэтых варыянтаў Грэцыю, ён адказаў: «Так. У іх ёсць жаданыя і не вельмі варыянты». Заеў дадаў, што пытаннем застаецца, ці існуе «рэальная патрэба» змяняць канстытуцыю Македонію, пра што Афіны просяць апошнія месяцы.
Раней у ЕЗ распавялі, калі чакаць развязання спрэчкі паміж Грэцыяй і Македоніяй. Гэта адбудзецца да канца старшынства Балгарыі ў Радзе ЕЗ у ліпені, заявіў Еўрапейскі камісар у пытаннях пашырэння Ёханэс Хан.
Прэм'ер-міністр Македоніі Зоран Заеў раней заяўляў пра рэферэндум з нагоды змены назвы краіны. Такім чынам, Македонія спрабуе развязаць шматгадовую спрэчку з Грэцыяй і адкрыць сабе шлях да еўраінтэграцыі.
Нядаўна Македонія ратыфікавала падпісаную з Балгарыяй дамову «аб добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве», што было ключавой умовай Еўразвязу для прыняцця новых сябраў. Між іншым, бакі пагадзіліся адмовіцца ад тэрытарыяльных прэтэнзій і зноўку перагледзець агульную гісторыю.
Як паведамлялася, Еўрапейская камісія падрыхтавала новую стратэгію, паводле якой 2025 год стане апошнім тэрмінам для новай хвалі пашырэння, аднак гэта стане магчымым толькі пасля ўрэгулявання лакальных спрэчак на Заходніх Балканах. У ЕЗ адзначылі, што «не будуць імпартаваць двухбаковыя дыспуты».