BE RU EN

Калі стануць маршруткі

Як пінчукі шукаюць выйсце з праблемнай сітуацыі з маршруткамі.

Нагадаем, 26 лютага ўвайшлі ў дзеянне змены ў Закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках». Новаўвядзенні закранулі міжгароднія перавозкі на маршрутных таксі. Ад маршрутчыкаў патрабуюць укладаць дамовы з дзяржаўным аператарам, прывязацца да вакзала, распрацоўваць расклад і маршруты і ўдзельнічаць у конкурсе на права ажыццяўлення пасажыраперавозак.

Не ўсе згодныя з такімі патрабаваннямі, таму ў некаторых гарадах Беларусі маршруткі перасталі рабіць рэйсы. У Пінску буйныя кампаніі перавозчыкі наважылі працаваць па-старому, да першых санкцый ад дзяржаўнага рэгулятара, піша media-polesye.by.

На сённяшні дзень з Пінска ў Менск і назад ходзяць дзясяткі маршрутак, практычна праз кожныя дзве гадзіны. Калі яны стануць, то мясцовы аўтобусны парк і Беларуская чыгунка не змогуць іх замяніць. Напрыклад, з Пінскага аўтавакзала ёсць толькі адзін штодзённы маршрут на Менск праз Клецк і Нясвіж, доўжыцца ён амаль 7 гадзін. Ёсць яшчэ адзін маршрут у панядзелак, два ў пятніцу і суботу. І гэта ўсё. БЧ прапануе магчымасць дабрацца наўпрост з Пінска ў Менск штодзённым цягніком Брэст-Віцебск, які адпраўляецца а 23.59 і шэсць гадзін знаходзіўся ў дарозе. З Менска гэты цягнік адпраўляецца а 23.03. Ёсць жа яшчэ цягнік №636 Пінск-Менск, які ходзіць толькі па суботах. І яшчэ №668 Брэст-Менск, які ходзіць па панядзелках.

У той жа час пінчукі пачалі актывізавацца па гэтай тэме ў сацыяльных сетках. Напрыклад, у адной з іх можна прачытаць такую абвестку:

«...многія кіроўцы, якія працавалі па схеме нерэгулярных пасажырскіх перавозак, часова прыпынілі сваю дзейнасць.

Існуе мноства старонак з тэматыкай «Спадарожнікі», мы раім падпісацца на нашу групу Спадарожнікі: Пінск-Менск.

У нашай групе кожны можа аператыўна апублікаваць свой запіс, але перад тым, як публікаваць, раім для зручнасці прачытаць правілы пошуку.

Важна: Чым больш удзельнікаў будзе ў гэтай групе, тым прасцей будзе ў любы момант знайсці спадарожнікаў альбо транспарт у кірунку, які цікавіць цябе».

У правілах групы асабліва падкрэсліваецца пра недапушчальнасць публічнага абмеркавання кошту паездкі.

Ёсць яшчэ такі сэрвіс, як beepcar. Але на яго інтэрнэт-старонцы проста трэба набраць маршрут і з'яўляецца спіс з кіроўцаў, якія жадаюць вас падвезці. Напрыклад, 28 лютага на Менск было 11 прапаноў. Сэрвіс паказвае кошт паездкі, марку і год выпуску аўтамабіля, а таксама рэйтынг кіроўцы.

На 28 лютага было восем прапаноў дабрацца з Пінска да сталіцы Беларусі і ў аднаго з найбуйнейшых сэрвісаў па пошуку спадарожнікаў BlaBlaCar.

Вядома, прапаноў, у параўнанні з дзясяткамі маршрутак ад нерэгулярных пасажыраперавозчыкаў, няшмат. Але, калі маршруткі стануць, то сітуацыя зменіцца, паслугі па перавозцы пасажыраў зусім сыдуць у цень. Стане больш «бамбіл», якія будуць збіраць пасажыраў на вакзалах.

Вядома, з'явіцца больш працы ў падаткавікоў, якія, выкарыстоўваючы інфармацыю інтэрнэт-сэрвісаў, будуць вылоўліваць людзей за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Але любы іпэшнік, які мае права на пасажыраперавозкі, можа проста зарэгістравацца на тэматычнай інтэрнэт-пляцоўцы і легальна збіраць замовы.

Ідзе пэўны перыяд нязручнасцяў для пасажыраў, пакуль рынак не «ўрэгулюецца», але прадпрымальныя людзі знойдуць выйсце.

Магчымы і такі варыянт, як з'яўленне перавозчыка манапаліста.

Апошнія навіны