BE RU EN

Кіроўцы маршрутак прынялі новыя правілы ў штыкі

Прадаўжэнне працы пагражае прыватным перавозчыкам вялікімі штрафамі і судамі.

Камфорт, гнуткасць раскладу, разумныя кошты. Перавагі прыватных перавозак відавочныя, піша сайт mlyn.by.

Але сярод кіроўцаў маршрутак няма адзінага меркавання аб прынятых зменах. Адны новыя правілы прынялі ў штыкі, іншыя - убачылі шанец пазбавіцца нарэшце ад нядобрасумленных канкурэнтаў.

- Паглядзіце на сітуацыю знутры - і вы ўбачыце, што цяпер перавозчыкі проста падзеленыя на тых, хто выдае квіток на пачатку паездкі, і тых, хто робіць гэта пасля прыбыцця ў канчатковы пункт (ці ўвогуле ігнаруе гэтыя, на яго думку, лішнія фармальнасці), - распавёў кіроўца Валерый. - Ужо доўгі час нам даводзілася мірыцца з такой, да прыкладу, сітуацыяй. Мы паказваем у раскладзе ад'езд а 12.30, а за 10 хвілін да адпраўлення прыязджае «бус» канкурэнтаў і цішком забірае кліентаў.

Яшчэ напярэдадні некаторыя прыватныя перавозчыкі са Слуцка, Салігорска і Любані былі настроеныя прадаўжаць працу, нягледзячы на забарону.

- Мы будзем рабіць усё для выгоды і камфорту пасажыраў, - адзначыў прадстаўнік адной са слуцкіх службаў міжгародніх перавозак.

Дыспетчары маршрутак прымалі заказы на аўторак і сераду, аднак вечарам у панядзелак пасажырам ператэлефанавалі і паведамілі: рэйсаў на Менск і Бараўляны больш не будзе. З нумара тэлефона, паказанага на сайце адной са слуцкіх маршрутных службаў, журналістам адказалі, што з прычыны новых акалічнасцяў перавозчык часова спыніў працу і заказы найбліжэйшымі днямі не прымаюцца.

Самі кіроўцы маршрутак на кантакт ідуць неахвотна, аднак прадстаўнік аўтаперавозчыка, які яшчэ ўчора ажыццяўляў рэйсы са Слуцка ў сталіцу, адзначыў: такая пастанова далася не проста, і яна прынятая калектыўна.

- Мы не збіраемся быць «па-за законам», таму і прыпынілі працу. Не хочацца ствараць сабе і людзям дадатковых праблем. Учора мы выйшлі на маршрут, бо панядзелак - вельмі загружаны дзень, многія едуць на вучобу, працу. Думалі і далей прадаўжаць працу, каб не падводзіць сваіх кліентаў, але нам патлумачылі, што нашы дзеянні незаконныя. Гэта пагражае вялікімі штрафамі і судовымі разглядамі, - паведаміў прадстаўнік слуцкай службы міжгародніх перавозак.

Любанскія маршрутнікі ад каментароў адмовіліся.

«Як патрапіць у Капыль?»

«Ніяк. Нават не едуць канкурэнты. Выбачайце!»

Прыватныя перавозчыкі прадаўжаюць падаграваць ажыятаж. І, да прыкладу, калі яшчэ ў панядзелак у Слуцку адна кампанія адмовілася выязджаць на маршрут, то сёння паездкі ў Менск вызначылі прыпыніць і іншыя.

Апошнія навіны