У полацкай школе бацькоў прымушалі здаваць грошы на рамонт
- 27.02.2018, 15:46
Тыя пайшлі ў пракуратуру.
У адной з сярэдніх школ Полацка бацькоў прымушалі здаваць грошы на розныя патрэбы ўстановы адукацыі. Факты не добраахвотнага фармавання сродкаў апякунскай рады зафіксавала мясцовая пракуратура, піша kurjer.info.
У пракуратуру звярнуўся адзін з бацькоў, які адмовіўся здаваць значную суму на рамонт школы. Пасля гэтага ён сутыкнуўся з псіхалагічным ціскам з боку работнікаў школы і апякунскай рады.
«Пракуратура высветліла, што бацькам не казалі аб добраахвотным характары збору грошай. Наадварот, на сходах ім перадавалі папяровы лісток, дзе паказвалі разліковы рахунак, патрэбную суму і дату, да якой трэба заплаціць. Бацькоў таксама абавязвалі прыносіць у школу квітанцыі аб выплаце гэтых грошай», - адзначыў Аляксей Карыцька, памочнік пракурора Полацкага раёна.
Вінаватых работнікаў школы прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці.