BE RU EN

Фядыніч: Паводле «справы прафзвязаў» ужо дапыталі больш за 400 чалавек з 35 рэгіёнаў

За месяц колькасць дапытаных сяброў незалежнага прафзвязу ўзрасла ўдвая.

Толькі за адзін месяц колькасць сяброў незалежнага прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), якіх Следчы камітэт апытаў у «справе аб нявыплаце падаткаў», узрасла ўдвая. Пра гэта паведаміў «Радыё Свабода» 27 лютага старшыня прафзвязу Генадзь Фядыніч.

«На сёння я ведаю, што апытаныя ўжо больш за 400 чалавек у 35 рэгіёнах краіны. Такім чынам, допыты прадаўжаюцца далей. Калі ў пачатку лютага паказанні далі 200 чалавек, то цяпер такіх ужо больш за чатыры сотні, - сказаў Генадзь Фядыніч.

Ні кампутараў, ні іншай тэхнікі РЭПа пакуль не вярнулі, паведаміў Фядыніч. З ягоных слоў, усе скаргі прафзвязаў не маюць станоўчага выніку.

«Мы звярталіся ў адміністрацыю Лукашэнкі. Але адтуль наш зварот перанакіравалі ў Генеральную пракуратуру. Генеральная пракуратура ў сваю чаргу адправіла яго ў менскую гарадскую. А адказу па сутнасці ўсё няма», - удакладніў Фядыніч.

Нагадаем, кіраўніка прафзвязу РЭП Генадзя Фядыніча і прафсаюзнага бухгалтара Ігара Комлікa затрымалі 2 жніўня 2017 года, на іх была заведзеная крымінальная справы за «нявыплату падаткаў у асабліва значнай суме». У той жа дзень пасля ператрусаў кіраўніка прафзвязу вызвалілі, а Ігар Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка. Перад вызваленнем з-пад варты 2 кастрычніка ў яго, як і ў Фядыніча, узялі падпіску аб нявыездзе, а справу прадоўжылі яшчэ на 3 месяцы.

Апошні раз справу прадоўжылі да 1 траўня 2018 года.

Апошнія навіны