У Тураве людзей праз раку перапраўляюць у каўшы пагрузчыка
- 27.02.2018, 12:12
Людзі займаюцца «тэхнічнай творчасцю», каб дабрацца да затопленай пераправы.
Часам здаецца, што сітуацыя ў раёне трэснутага «Тураўскага» моста горшай стаць не можа. Але потым адкрываюцца новыя гарызонты... Прыпяць разлілася, пойма затопленая ледзяной вадой уперамешку з лёдам. Мясцовыя жыхары, якім, хочаш не хочаш, трэба перабірацца з берага на бераг, адчуваюць на сабе ўсё новыя формы экстрыму, піша onliner.by.
Тэарэтычна пешаходаў праз раку перапраўляюць на маторных лодках. На практыцы ж да лодкі цяпер няпроста дабрацца. Спадзістыя берагі ў раёне пераправы запоўненыя ледзяной кашай на некалькі сотняў метраў. Глыбіня невялікая, у гэтым і складанасць - лодка прайсці не можа. Гэта з'яўляецца стымулам для народнай тэхнічнай творчасці.
Да месца пасадкі дабіраюцца хто як можа. Супольнасць у сацсетках рэгулярна папаўняецца новымі здымкамі з месца бедства. Некаторыя рызыкуюць на легкавых аўто.
Іншыя выкарыстоўваюць нешта больш вялікае.
Некаторыя вандроўнікі здымаюць свае прыгоды на відэа, але цэнзурныя ролікі атрымліваюцца не ва ўсіх.
Некаторыя з тых, хто не змог дабрацца да лодкі, проста адпраўляюцца мостам пешшу. Пазней у мясцовых супольнасцях з'явіліся паведамленні, што такіх хадакоў штрафуюць.
Людзі пішуць поўныя эмоцый паведамленні: «Паднялася вада, людзям, якія прыехалі на маршрутку, адмовілі ў пераправе на другі бераг, давялося ісці праз мост. Пакуль падняўся на мост, праваліўся па калена пад лёд і два разы ўпаў. Ледзь не адмарозіў ногі і рукі. Паўзу па мосце, гляджу ўніз - плыве катар, вязе дзяцей, як высветлілася, на спаборніцтвы, а паджылыя людзі ідуць праз мост...»
Белгідрамет кажа, што значныя ваганні з інтэнсіўнасцю 23-47 см на асобных адцінках ракі звязаныя з накапленнямі лёду. Ад гэтага не лягчэй. Тым больш што, са звестак сіноптыкаў, такія ваганні прадоўжацца і ў наступныя дні.
Тым часам гомельская арганізацыя Беларускага Чырвонага Крыжа заклікае добраахвотнікаў, якія гатовыя забяспечваць працу пункту абагрэву і харчавання на месцы пераправы. Ахвотных просяць звязацца з каардынатарам арганізацыі Максімам Новікавым праз тэлефон +375 (29) 198-11-57.