Як кіроўцы ў холад стаяць у чарзе на мяжы з Літвой
- 27.02.2018, 10:54
Валанцёры Чырвонага Крыжа арганізавалі для іх абагрэў.
На мяжы з Літвой каля прапускнога пункта «Прывалка» ў чарзе блізу 120 фур. «Бывала і больш», - кажуць tut.by кіроўцы, пераступаючы з нагі на нагу. На вуліцы холадна, але экстрэмальных маразоў няма. За бортам раніцай было -14°C. Увечары стала цяплей - тэмпература паднялася да -9°C. Кіроўцы цярпліва чакаюць, калі чарга рушыць наперад, грэюцца ў кабінах вялікагрузаў і распавядаюць, як перажываюць холад на мяжы.
- Хіба гэта мароз? - кажа адзін з кіроўцаў і ўспамінае, як аднойчы затрымаўся на поўначы Расеі пры -35°C. - Вось, дзе была прыгода, а тут - практычна курорт. Мы звыклі стаяць на межах. Гэта, можна сказаць, неабходная частка нашага шляху. Цяпер не вельмі шмат аўто - часовае зацішша. Хутка будзе больш, вось паглядзіце.
Тым не менш кіроўцы прызнаюцца, стаяць, а як тут кажуць, «пхацца» ў чарзе ў мароз - не самы лёгкі занятак. Холад гэты ўсё ж дапякае, доўга на вуліцы не прастаіш.
- Мы хоць і адаптаваныя мужчыны, але хочацца размяцца, бо наперадзе яшчэ доўгая дарога. Вось і выходзім на двор. Мароз, хоць і невялікі, усё ж адчуваецца, - кажуць кіроўцы.
У раёне пункта пропуску «Прывалка» валанцёры Чырвонага Крыжа арганізавалі абагрэў для кіроўцаў. Паставілі намёт, дзе можна не толькі пагрэцца, але і выпіць гарбаты і з'есці гарачую ежу. Кіроўцы гэтай магчымасцю ўвесь дзень актыўна карысталіся. Нават чэргі, кажуць, станавіліся. А 17 гадзіне намёту ля пункта пропуску ўжо не было. Але, са слоў кіроўцаў, валанцёры абяцалі вярнуцца на наступны дзень і быць на прымежнай дарозе да таго часу, пакуль маразы не спадуць.
- З'ехалі нашы ратавальнікі, - кажа кіроўца Павел і жартам дадае, - а хто ж пра нас ноччу клапаціцца будзе, калі значна халадней?
У самім пункце пропуску ёсць зала мытнага афармлення, дзе, са слоў памежнікаў, можна, у выпадку чаго, пагрэцца. Самі кантралёры ратуюцца ад холаду валёнкамі.
Чарга з грузавікоў рухаецца павольна.
- Паехалі! - крычыць, высунуўшыся з кабіны, кіроўца і махае нам рукой. На мужчыну - футболка з кароткім рукавом. І не холадна яму!
Кіроўцы, якія выйшлі на двор, хутка заскакваюць у кабіны, каб не затрымліваць калег. Аўто прасоўваюцца ўсяго на некалькі метраў і зноў заміраюць у чаканні.
- Лепш сядзець дома ў такое надвор'е ля каміна або печкі. Але даводзіцца працаваць. У мяне ў кабіне цёпла, так што асабліва не мерзну, - кажа Ігар. Ён едзе з Расеі ў Італію. На мяжы стаіць ўжо 24 гадзіны. Збіраецца пераначаваць яшчэ на тэрыторыі Беларусі і спадзяецца, што ўдзень ужо будзе ў Літве. Распавядае, што падчас вялікіх маразоў галоўнае - якасная салярка і добры рухавік, а калі заглохнеш, важна, каб побач былі калегі-кіроўцы, якія абавязкова прыйдуць на дапамогу.
Дарэчы, у аўторак, 27 лютага, тэмпература паветра ў асобных раёнах Беларусі апусціцца да -25... 29°С, 28 лютага, у сераду, мінімальная тэмпература паветра ўначы складзе ад -13°С на поўдні да -23°С на поўначы краіны, максімальная тэмпература ўдзень не вышэй за -9... 15°С.