У Менску прайшла акцыя салідарнасці з Алегам Сянцовым
- 27.02.2018, 10:31
Арганізатары падрыхтавалі паштоўкі, каб кожны ахвотны мог напісаць палітвязню.
26 лютага Беларускі ПЭН-цэнтр разам з Культурным цэнтрам «Корпус» і ініцыятывай «РосУзник» зарганізаваў у Менску сустрэчу, прысвечаную ўкраінскаму кінарэжысёру, сцэнарысту і пісьменніку Алегу Сянцову, якога асудзілі ў Расеі да 20 гадоў зняволення, паведамляе «Белсат».
Паводле следства, ён разам з украінцамі Аляксандрам Кольчанкам, Генадзем Афанасьевым і Аляксеям Чорным здзейснілі два тэрарыстычных акты і планавалі здзейсніць яшчэ два.
Пазней наведнікі Сянцова паглядзелі фільм «Гамэр». Каб яго зняць, Сянцоў прадаў машыну і камп’ютарны клуб.
«Гэта першая і апошняя на гэты момант паўнавартасная гатовая стужка. Сёння, на жаль, мы знаёмімся са страчаным аўтарам. Яго фільм – пасланне ўсяму чалавецтву», – прадстаўляў фільм Максім Жбанкоў.
Арганізатары падрыхтавалі паштоўкі, каб кожны ахвотны мог напісаць Сянцову:
«Лісты важныя, бо ў зняволенні нічога не адбываецца, няма эмоцыяў. Нават каляровымі алоўкамі забаронена карыстацца».
Яна Ганчарова – каардынатар праекту «РосУзнік» і праваабаронца ў «Human constanta» у Беларусі – вядзе перапіску з Алегам Сянцовым з дня яго арышту.
«Я пачала яму пісаць і вельмі пранікалася нязломнасцю яго духу, – кажа Ганчарова. – Цяпер Алег знаходзіцца на Ямале, як крымчанін ён цяжка пераносіць клімат. Алега на волі чакаюць двое дзяцей, сястра і старэнькая маці».
Ганчарова заклікае пісаць «пра што хочаце: апісваць падрабязна тое, што вакол вас, пісаць пра сябе».
«Гэта афарбуе турэмную руціну», – упэўненая Яна.