BE RU EN

Беларусь апынулася на апошнім месцы ў Індэксе Усходняга партнёрства

Індэкс адлюстроўвае прагрэс, дасягнуты шасцю краінамі Усходняга партнёрства.

З 6 краін «Усходняга партнёрства» Беларусь заняла 6-е месца ў Eastern Partnership Index.

Індэкс Усходняга партнёрства (Eastern Partnership Index) 2015-2016 гадоў быў прадстаўлены ў канцы студзеня Форумам грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства і групай экспэртаў праекта ў Сталым прадстаўніцтве Чэшскай Рэспублікі пры ЕЗ у Брусэлі, паведамляе thinktanks.by.

Гэты індэкс адлюстроўвае прагрэс, дасягнуты шасцю краінамі Усходняга партнёрства ў кірунку ўстойлівага дэмакратычнага развіцця і еўрапейскай інтэграцыі. У стварэнні гэтай працы прыняло ўдзел амаль 50 экспэртаў з 6 краін Усходняга партнёрства і Еўрапейскага Звязу.

«Індэкс вымярае крокі, прынятыя на шляху да эфектыўнага кіравання, уключаючы захаванне і абарону дэмакратыі і правоў чалавека, устойлівае развіццё ды інтэграцыю з Еўрапейскім звязам», - гаворыцца ў каментары да даследавання.

Пазіцыя Беларусі

Першае месца ў індэксе заняла Малдова, другое - Грузія, трэцяе -Украіна. Далей у спісе размясціліся Арменія, Азербайджан і Беларусь.

У даследаванні краіны ацэньваліся паводле двух асноўных паказчыкаў. Першы - «набліжэнне» (Дэмакратыя і правы чалавека, інтэграцыя з ЕЗ, устойлівае развіццё), дзе паказчык Беларусі быў 0,45 бала. Другі - «узаемасувязь» (Міжнародная бяспека, палітычны дыялог і супрацоўніцтва, кааперацыя сектараў і гандлёвае супрацоўніцтва, грамадзян краіны ў Еўропе), дзе беларускі паказчык 0,46.

Для параўнання, у лідара рэйтынгу - Малдовы - гэтыя ацэнкі складаюць 0,73 і 0,68 балаў адпаведна.

Як гаворыцца ў даследаванні, Беларусь заняла пятае месца паводле паказчыку «ўзаемасувязь», маючы чацвёртае месца паводле паказчыку міжнароднай бяспекі і пятае - паводле ўстойлівага развіцця. Паводле ўзроўні бізнэс клімату пазіцыя нашай краіны вышэйшая, чым ва Украіне і Малдове.

Аднак у Беларусі быў значна больш нізкі ўзровень палітычнага дыялогу, чым ва ўсялякай іншай краіны Усходняга партнёрства. Таксама апошняе месца ў Беларусі ў такіх параметрах як дэмакратыя, незалежныя СМІ, інтэграцыя і канвергенцыя з ЕЗ і шэрагу іншых крытэрыяў.

Рэкамендацыі для Беларусі на 2018 год

У даследаванні таксама дадзеныя рэкамендацыі для Беларусі на 2018 год.

Складальнікі індэкса перакананыя, што беларускім уладам варта ўвесці неадкладны мараторый на смяротнае пакаранне, пільнавацца рэкамендацый Універсальнага перыядычнага агляду (УПА) Рады правоў чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і цалкам супрацоўнічаць са Спецыяльным дакладчыкам ААН у правах чалавека ў Беларусі.

«Парламенту» варта палепшыць заканадаўчую базу, якая рэгулюе дзейнасць АГС, палегчыць працэс рэгістрацыі АГС і замежнае фінансаванне АГС і скасаваць артыкул 193.1, згодна з якім стварэнне або ўдзел у дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі з'яўляецца злачынным дзеяннем.

На думку экспэртаў, Беларусь павінна выканаць патрабаванні да Пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі з ЕЗ, а затым прасоўвацца наперад, выконваючы тэхнічныя і палітычныя патрабаванні для бязвізавага ўезду ў Шэнгенскую зону ЕЗ.

«Ураду варта праводзіць рэальныя эканамічныя рэформы ў адпаведнасці з рэкамендацыямі міжнародных фінансавых інстытутаў і скарачаць запазычанасць дзяржаўных фінансаў», - мяркуюць складальнікі індэкса.

Апошнія навіны