Новы самалёт атрада «Расея» аказаўся лайнерам з «какаінавай справы»
- 26.02.2018, 20:32
Лётны атрад «Расея» прызначаны для перавозкі расейскіх першых асоб.
На фотаздымках з крымінальнай справы аб раскрыцці канала паставак наркотыкаў з Аргентыны ў Расею, якія апублікавала аргентынская жандармерыя, ёсць здымак з лайнерам, у які грузілі валізкі. У іх, як меркавалі арганізатары канала, павінны былі знаходзіцца 400 кг какаіну. Бартавы нумар самалёта - 96023, паведамляе РБК.
На здымку дрэнна чытаецца апошняя лічба бартавога нумару. Аднак на відэазапісу, які таксама быў апублікаваны аргентынскай жандармерыяй, ёсць кадр, дзе нумар бачны выразна.
Лайнер з такім жа бартавым нумарам у жніўні 2016 года атрымаў ФДБУ «Спецыяльны лётны атрад (СЛА) «Расея» Упраўлення справамі прэзідэнта Расеі, якая спецыялізуецца на перавозцы першых асоб дзяржавы, указвае рэсурс russianplanes.net, які спецыялізуецца на зборы інфармацыі пра айчынныя самалёты і вывучае мапу іх палётаў. 30 снежня 2016 года кіраўнік справамі прэзідэнта РФ Аляксандр Калпакоў у інтэрв'ю ТАСС распавёў, што лётны спецыяльны атрад у рамках рэалізацыі праграмы абнаўлення парка паветраных суднаў айчыннымі самалётамі атрымаў за год чатыры самалёты: адзін Ту-214СР, два Іл-96-300, два Superjet 100. «Сёння атрыманы другі самалёт Іл-96-300», - адзначыў Калпакоў. Першы самалёт гэтай мадэлі быў перададзены лётнаму атраду 22 ліпеня.
Рэсурс таксама ўказвае, што 6 снежня 2017 года самалёт Іл-96 з бартавым нумарам 96023 сапраўды быў у аэрапорце Буэнас-Айрэса. 7 снежня ён быў у Каба-Вэрдэ, адкуль паляцеў у Маскву.
Як распавядала на прэс-канферэнцыі ў Буэнас-Айрэсе міністарка нацыянальнай бяспекі Аргентыны Патрыцыя Булрыч, менавіта ў снежні 2017 года груз какаіну быў накіраваны «як дыпламатычны багаж на расейскім урадавым самалёце».
«Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці», - пракаментавала інфармацыю пра бартавы нумар самалёта і яго маршруты прадстаўніца СЛА «Расея», дарадца Упраўлення справамі прэзідэнта РФ Алена Крылова.
Маршруты лайнера супадаюць у тым ліку з замежнымі візітамі першых асоб дзяржавы. Самалёт з нумарам 96023, напрыклад, быў у Мюнхене ў той дзень, калі міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў наведваў у гэтым горадзе канферэнцыю бяспекі, а таксама ў гарадах, якія ў рамках свайго азіяцкага турнэ наведаў кіраўнік урада РФ Дзмітрый Мядзведзеў.
«Асноўная задача спецыяльнага лётнага атрада «Расея» - забеспячэнне перавозкі першых асоб, якія ў адпаведнасці з законам маюць на гэта права», - сказаў кіраўнік галіновага агенцтва «Авіяпорт» Алег Панцялееў.
На сайце Кіраўніцтва справамі прэзідэнта РФ, у вядзенні якога знаходзіцца «Расея», напісана, што кампанія перавозіць прэзідэнта, старшыню ўрада, кіраўніка Савета Федэрацыі РФ, спікера Дзяржаўнай думы РФ, старшыняў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, генеральнага пракурора, старшыню Следчага камітэта, кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта і міністра замежных спраў РФ.
Панцялееў патлумачыў, што часта, напрыклад, з прэзідэнтам ляціць яшчэ адзін ці некалькі самалётаў, на якіх ляцяць перадавы атрад, які рыхтуе візіт, каманда журналістаў.
Брытанская The Daily Telegraph раней сцвярджала, што груз быў накіраваны ў Расею самалётам сакратара Савета бяспекі Мікалая Патрушава, які вёў у Буэнас-Айрэсе перамовы з прэзідэнтам Аргентыны Маурысіа Макры. Пазней крыніца ў апараце Савета бяспекі Расеі зняпраўдзіла «Інтэрфаксу» інфармацыю пра тое, што самалёт сакратара Савета бяспекі Патрушава быў задзейнічаны ў аперацыі спынення пастаўкі какаіну з Аргентыны ў Еўропу.
Паводле звестак аргентынскіх уладаў, валізкі з какаінам на тэрыторыі школы пры пасольстве Расеі 13 снежня 2016 года знайшоў адзін з супрацоўнікаў расейскай дыпмісіі. Каб адсачыць далейшы лёс грузу, какаін замянілі мукой, а валізкі з укладзенымі ў іх GPS-маячкамі пакінулі на месцы. Груз, як паведаміла афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава, належаў супрацоўніку тэхнічнага складу амбасады, які скончыў датуль працоўную выправу паводле тэрміновай працоўнай дамовы.
На працягу года зламыснікам, сярод якіх былі тэхнічны супрацоўнік расейскай амбасады Аб’янаў і супрацоўнік паліцыі Іван Блізнюк, не ўдавалася пераправіць груз у Расею. Ускладнялася гэта тым, што Аб’янаў вярнуўся ў Маскву.
Да візіту Патрушава Аб’янаў запытаў дастаўку какаіну пад выглядам сваіх асабістых рэчаў з дыпламатычным кур'ерам.
Аб’янаў быў арыштаваны 22 лютага ў Маскве, Блізнюк - за дзень да гэтага. Яшчэ ў снежні паліцыя затрымала Уладзіміра Калмыкава і Іштыміра Худжамава, якія прыехалі забіраць валізкі, што прыбылі з Аргентыны.
МЗС Расеі ўдакладніла, што раскрыццё канала пастаўкі наркотыкаў было вынікам сумеснай аперацыі расейскіх і аргентынскіх спецслужбаў.