Дыспетчар прыватнага перавозчыка: Паралізуецца ўся Беларусь
- 26.02.2018, 16:34
Сабекошт пасажырскіх перавозак значна падаражэе.
Нягледзячы на тое, што ад сённяшняга дня перавозчыкі нерэгулярных міжгародніх рэйсаў не маюць права працаваць паводле ранейшых правілаў, гарадзенскія прадпрымальнікі рэйсаў не касавалі. «Будзем перавозіць да першай канфіскацыі аўтобуса», - распавяла hrodna.life дыспетчарка кампаніі minsk-grodno.by.
На сайце перавозчыка чырвоным радком утрымліваецца заклік падтрымаць заказных перавозчыкаў і ўступіць у групу «ВК» для падтрымкі перавозчыкаў Беларусі, якія паводле новых правілаў павінны з «нерэгуляршчыкаў» перайсці ў катэгорыю «рэгуляршчыкаў». Для гэтага трэба ўкласці дамовы з аператарамі, адпраўляцца ў рэйс з аўтавакзала паводле зацверджанага графіка і маршруту, выконваючы яшчэ шэраг умоў.
Перайсці пад падпарадкаванне аўтавакзала - страціць да 60% прыбытку
- Перавозчыкі не жадаюць пераходзіць пад аўтавакзал, - патлумачыла дыспетчар перавозчыка minsk-grodno.by. - Вы зразумейце, у нас не шалёныя заробкі. Нягледзячы на падаражанне паліва, мы стабільна трымаем адзін кошт рэйсу Гародня-Менск - 12 рублёў за 300 км. Да таго ж, мы набываем страхоўкі пасажырам. Калі мы пяройдзем да аўтавакзала, са свайго прыбытку мы атрымаем толькі блізу 40%, то бок, мы нічога не заробім. Сабекошт квітка моцна падаражэе. Да таго ж аўтавакзал усіх узяць не зможа, пасля арганізуе конкурс і перавозчыкі з больш старымі аўтамабілямі ў ім саступяць.
Паралізуецца ўся Беларусь, як гэта здарылася сёння з Полацкім, - дадала дыспетчар.
Пасажырка тэлефанавала і плакала
Кампанія адпраўляе аўтамабілі ў рэйс кожныя паўгадзіны, пачынаючы з 3:30.
- Вы не ўяўляеце, які шквал званкоў ад пасажыраў мы атрымалі ў сувязі з новымі правіламі. Людзі баяцца, што застануцца без маршрутак. Адна жанчына патэлефанавала і плакала, што не будзе бачыць сына-студэнта - не будзе нам чым ездзіць.
Як мы ў такіх варунках спынім перавозкі? Моцныя халады, неўзабаве святы, людзям трэба ездзіць. На сходзе вызначылі, што будзем ездзіць да першай канфіскацыі аўто. А пасажыры кажуць, што калі трэба, выйдуць з транспарантамі. Спадзяюся, што дзяржава пачуе калі не нас, то людзей, - разважае дыспетчар.
Паводле яе слоў, галоўны канкурэнт - перавозчык m6express.by - таксама паездкі пакуль не спыніў. У кампаніі пацвердзілі, што перавозяць людзей без зменаў.
Наваградак таксама не касуе перавозкі
Адпраўляюцца таксама прыватныя маршруткі з Гародні ў Навагрудак. Кампанія novobus.by арганізуе да 10 рэйсаў на Наваградак па 8 рублёў за квіток. Пасажыры актыўна замаўляюць квіткі і хвалююцца, ці будуць іх вазіць і надалей. З гарадзенскага аўтавакзала да Наваградка ёсць блізу сямі варыянтаў, самы танны квіток - 8,55 рублёў.
Чытайце яшчэ: праз новы закон беларусы рызыкуюць застацца без міжгародніх маршрутак
За маршруткі падпісаліся тысячы чалавек
На сайце petitions. by 23 лютага запусцілі петыцыю «Падтрымай транспарт, захавай маршруткі», у якой аўтары просяць унесці папраўкі ў Закон «Аб аўтамабільных перавозках», якія не будуць замінаць працы прыватных перавозчыкаў. На сёння петыцыю падпісала больш за 4000 чалавек.
23 лютага гэтага года ўвайшлі ў дзеянне змены ў Закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках». Новы дакумент уносіць змяненні ў працу перавозчыкаў для міжгародніх маршрутаў. У некаторых рэгіёнах, напрыклад, Полацку, некаторыя прадпрымальнікі сёння скасавалі рэйсы.