Беларусы абураныя новымі правіламі працы міжгародніх маршрутак
- 26.02.2018, 15:29
Людзі патрапілі ў транспартную пастку.
Згодна з новаўвядзеннямі ў закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках» кіроўцы павінны ўкладаць дамовы з дзяржаўным аператарам і з вакзаламі. Гэта нясе нязручнасці і дадатковыя выдаткі для пасажыраў і бізнэсоўцаў, бо трэба будзе плаціць за паслугі аператару аўтамабільных перавозак і аўтавакзала, паведамляе «Белсат».
Калі раней маршрутка магла збіраць і развозіць людзей з асабістых меркаванняў, цяпер перавозчык павінен адпраўляцца з аўтавакзала, мець прыпынкі ў пэўных месцах, а таксама мець зацверджаны графік і маршрут.
Праз новыя правілы з панядзелка некаторыя фірмы прыпынілі працу.
Колькасць негатыўных рэакцый імкліва расце. Людзі патрапілі ў транспартную пастку. Некаторыя таксісты на свой страх і рызыку прадаўжаюць перавозкі.
У інтэрнэце пачаўся збор подпісаў пад петыцыяй падтрымаць маршрутныя таксоўкі і захаваць ранейшы парадак перавозак. Петыцыю перададуць у Міністэрства транспарту і камунікацый.
Маршрутнае таксі ў Беларусі для шматлікіх - адзіны спосаб перамяшчэння, якім хутка і нядорага можна дабрацца практычна ў кожны пункт злучэння.