«Гарант незалежнасці» забараніў дэманстрацыю на 100-годдзе незалежнасці Беларусі
- 26.02.2018, 14:06
Улады адхілілі заяўку на правядзення 25 сакавіка шэсця ў гонар 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Пра гэта паведаміў у Фэйсбуку сустаршыня аргкамітэту партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі.
«Менгарвыканкам прапануе арганізатарам святкавання 100-годдзя БНР абмежавацца мітынгам 25 сакавіка.
Улады прапаноўваюць аргкамітэту падаць новую заяўку з просьбай дазволіць правядзенне мітынгу ў парку імя Янкі Купалы або каля Опернага тэатра. Першапачаткова заяўка была пададзеная на правядзенне шэсця маршрутам плошча Якуба Коласа - плошча Свабоды», - паведаміў палітык.
Заяўку на правядзенне вулічнай акцыі 25 сакавіка падпісалі прадстаўнікі 13 партый і арганізацый, якія ўваходзяць у аргкамітэт для правядзення мерапрыемства: Партыя БНФ, аргкамітэт для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Аб'яднаная грамадзянская партыя, грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь», рух «За Свабоду» , рух салідарнасці «Разам», Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт для стварэння Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), аргкамітэт партыі «Беларускі Рух», ініцыятыва «Дзея», прафзвяз РЭП, рух «За незалежнасць і дзяржаўнасць».
Святочная акцыя ў Менску павінна пачацца 25 сакавіка а 14.00 на плошчы Якуба Коласа.