Транспартны калапс: Пасажыры не могуць з'ехаць з Полацка ў Менск
- 26.02.2018, 9:55
26 лютага не ўсе міжгароднія маршруткі выйшлі ў рэйс.
Аднымі з першых з праблемай сутыкнуліся пасажыры з Полацка і Наваполацка, паведамляе «Віцебскі кур'ер». Там міжгароднія перавозкі прыпынілі адразу два буйныя прыватныя вознікі, якія аб'ядноўвалі ІП і невялікія фірмы.
«У нас па 25 адпраўленняў на дзень з Полацка - Наваполацка ў Менск і столькі ж назад. Таксама па 10 абаротных рэйсаў з Наваполацку ў Віцебск, - распавёў Дзмітрый, перавозчык кампаніі «Полацкі экспрэс». - Працу з 26 лютага мы прыпынілі, інфармацыя пра гэта размешчаная ў сацсетках і на сайце кампаніі. Скасавалі паездкі і нашыя канкурэнты - кампанія «Новы паварот», яны таксама паведамілі сваім пасажырам праз інтэрнэт».
Дзяніс родам з Наваполацку, але цяпер жыве і працуе ў Менску. З роднага горада да сталіцы апошнія дзесяць гадоў ён аддаваў перавагу дабірацца на прыватных маршрутках.
«Гэта вельмі зручна - на вакзал ехаць не трэба, забіраюць цябе ў месцы бліжэй да дому. Кошт праезду ў прыватнікаў значна ніжэйшы, чым на дзяржаўных аўтобусах, ды і даязджаюць да Менска прыватнікі хутчэй - за тры гадзіны, а «дзяржаўныя» - за 5 гадзін », - кажа хлопец.
Цяпер Дзяніс прыехаў да бацькоў у Наваполацк і планаваў з'ехаць у Менск у панядзелак - нават білет зарэзерваваў на маршрутку «Полацкага экспрэса». Але потым на тэлефон прыйшло паведамленне - рэйс касуецца.
«І што цяпер будзе? Паеду ў Менск, напэўна, на аўтобусе аўтапарка, сказалі, што пакуль квіткі яшчэ ёсць. Пабягу, пакуль не разабралі...»
Рэкамендацыям кантрольных структур - перааформіць з 26 лютага дакументы і працаваць паводле новых патрабаванняў закона - вознікі не хочуць, але большасць з іх збіраюцца выходзіць на свае маршруты.
Перавозчык з Бабруйска распавёў, што яны пастанавілі выехаць: «Каб нашы сталыя пасажыры ўсё ж своечасова трапілі туды, куды ім трэба».
Гэта, вядома, вялікая рызыка, але мы за павагу нашых кліентаў змагаліся цягам 13 гадоў, як жа іх цяпер кінуць? Але як толькі пачнуцца строгія захады з боку дзяржавы, мы паставім аўто да ўрэгулявання сітуацыі.
Вольга прадстаўляе фірму, у якую ўваходзіць каманда дробных вознікаў, якія працуюць разам на рэйсе Пінск - Гародня блізу 8 гадоў.
«Мы бралі замовы да апошняга, а ўчора ўсіх пасажыраў абтэлефанавалі і абвясцілі аб скасаванні рэйсаў. У асноўным возім студэнтаў. А цяпер на нас абрынуліся званкі ад іх бацькоў: што рабіць, як дзецям дабрацца да месца вучобы? Пытаюцца, куды тэлефанаваць скардзіцца ці пісаць».
На рэкамендацыю транспартнікаў жанчына тэлефанавала на прадпрыемства «Брэстгартранс» - удакладняла, як ім працаваць далей.
«Іх супрацоўнік адказаў: «Я не ведаю, гэта павінен вызначаць наш дырэктар, але яго ніколі няма - у выправах». Параіў нам падавацца на конкурс, але сказаў, што гэта справа не хуткая - можа расцягнуцца да паўгода. А цяпер, маўляў, працуйце як працавалі, вас чапаць не будуць. Але мы ў гэтым не ўпэўненыя!».
Каб не патрапіць пад санкцыі, некаторыя кампаніі ў Віцебскай вобласці скасавалі рэйсы, піша nn.by. Напрыклад, абедзве буйныя кампаніі, якія вазілі пасажыраў паміж Полацкім/Наваполацкам і Менскам, - «Полацкі экспрэс» і «Заходняя губерня» - прыпынілі сваю дзейнасць.
Гэта блізу каля 100 рэйсаў на дзень. Выехаць з Полацка можна было кожную гадзіну або нават часцей з 5:00 да 19.00. З Менска маршруткі выязджалі з 7:00 да 21:00. Кошт праезду ў іх складаў 7 рублёў у адзін бок.
У выніку пасажыры фактычна засталіся без альтэрнатывы.
Паводле звестак партала ticketbus.by, у буднія дні з Полацка ў Менск ідуць толькі два рэйсы - а 9:10 і 14:10. У адваротны бок - а 8:00 і 16:30. На некаторыя з іх усе квіткі ўжо раскупленыя.